Канада разграміла Расею і стала чэмпіёнам свету



У фінале чэмпіянату свету па хакеі, які завяршыўся ў Чэхіі, зборная Канады разграміла каманду Расеі – 6:1.

У першым перыядзе доўга трывала напруга. Толькі на 19-й хвіліне Кевін Ікін удала падставіў клюшку і прымусіў выграбаць шайбу з сеткі брамніка Расеі Баброўскага.

Другая траціна гульні прайшла пры выразнай дамінацыі „клёнавых лістоў”. Шэдэўральны прарыў на 22-й хвіліне здзейсніў форвард Тайлер Эніс – ён прарваўся за брамку і, як раней казалі, па-баброўску, даслаў шайбу за лінію голу.  Пасля майстэрствам бліснуў Сідні Кросбі – закінуў сам трэцюю шайбу і асіставаў пры чацвёртым голе Тайлера Сегіна. Яшчэ двойчы канадцы траплялі ў штангу.

У трэцім перыядзе матчу Клод Жыру і Натан Маккінан давялі справу да разгрому. Толькі пасля гэтага расейцы здолелі закінуць адну шайбу. Канада заваявала 25-ы выйшэйшы тытул (больш усіх) на чэмпіянатах свету.

Бронзавыя ўзнагароды першынства выйграла дружына ЗША, якая ў матчы за 3-е месца перамагла гаспадароў лёду – чэхаў – 3:0.

Беларускае Радыё Рацыя