Каранацыя геніальнай генерацыі



Кубак Лігі чэмпіёнаў назаўсёды застанецца ў Барселоне.

Barcelona700

Каталонская дружына, выйграўшы ў турынскага «Ювентуса» ў фінале самага прэстыжнага турніру Старога Свету, далучылася да элітарнага клуба каманд – «Рэала», «Аякса», «Баварыі», «Мілана» і «Ліверпуля», якія могуць паказаць у сваім музеі гэты найкаштоўнейшы трафей клубнага футбола. Кубак застаецца «Барсе», бо яна выйграла яго ў пяты раз у сваёй гісторыі – менавіта пры гэтай умове можна пакінуць яго сабе, а таксама выйграўшы Лігу чэмпіёнаў тры разы запар.

Геніальная генерацыя футбалістаў, якія зараз выступаюць за «Барсу» – Месі, Іньеста, Хаві і Піке, падмацаваныя найлепшымі футбалістамі паўднёвай Амерыкі – Неймарам і Суарэсам, чарговы раз запісала свае імёны ў гісторыю сусветнага футбола, выйграўшы ў другі раз усе магчымыя турніры, ў якіх удзельнічала – Прымеру, Кубак Іспаніі, цяпер адбылася каранацыя ў Лізе чэмпіёнаў.

Менавіта такога выніку чакалі ўсе – ад букмекераў (стаўкі на «Ювентус» былі 1 да 6) да футбольных спецыялістаў, журналістаў і заўзятараў, прычым нават прыхільнікі Старой сіньёры былі настроены скептычна адносна магчымай перамогі сваёй каманды. Ужо на 4 хвіліне іх настроі былі падмацаваныя шахматнай троххадоўкай Неймара, Іньесты і Ракіціча, якія ў адзін дотык разабралі на часткі аслабленую траўмай Кьеліні абарону «Ювэ». Пасля гэтага мяч перайшоў пад татальны кантроль каталонцаў, якія планамерна даціскалі свайго грознага саперніка – у першым тайме маглі яшчэ адзначыцца Алвеш, Неймар і Суарэз – іх удары парыраваў як заўжды надзейны Буфон.

Другі тайм даў надзею «Ювентусу» – на 55-й хвіліне апынуўшыся ў штрафной «Барселоны» абаронца Ліхштайнэр прастрэліў, Тэвес вызваліўся ад апекі Піке і моцна прабіў – Тэр Штэген адрэагаваў, але на дабіванні першым быў Марата. Калі да гола ўпэўненасць у нагах турынцаў не назіралася, то аднавіўшы парытэт, падначаленыя Алегры выдалі выдатную 12-хвілінку. Але толькі на такі кароткі адрэзак вярнулася інтрыга. Яе на 67-й хвіліне забіў Месі, які да гэтага адзначыўся толькі сольным праходам ва ўладанні Буфона. Падхапіўшы мяч у цэнтры поля аргентынец дайшоў да штрафной і прабіў у далёкі кут – «Джыджы» зноў «пацягнуў», але абаронцы не падстрахавалі – і Суарэз быў першым на адскоку. Фінальную ж кропку ўжо на 6 дададзенай хвіліне матчу паставіў Неймар – на пару з Педра яны паклалі на лапаткі самотнага ў гэты вечар брамніка італьянцаў – 3:1.

Гульцом матча быў прызнаны Іньеста, а яго шматгадовы партнёр па клубу і зборнай Хаві, сімвалічна выйшаўшы на поле, пераняў капітанскую павязку і стаў гульцом з найбольшай колькасцю выступаў у Лізе чэмпіёнаў – 151. І гэтая лічба ўжо не зменіцца – летам «генарал» пакіне «Барсу» і накіруецца ў Катар – штурмаваць недасягальную дагэтуль вышыню – а менавіта перамогу ў Лізе чэмпіёнаў два гады запар – каталонцы ў наступным сезоне будуць ужо без яго.

Беларускае Радыё Рацыя