ХК „Нёман” перайшоў лінію Мангейма



«Нёман» з перамогі стартаваў у групавым этапе хакейнай Лігі чэмпіёнаў. У родных сценах, дзякуючы шайбам чэхаславацкага дэсанту, гарадзенцы перайгралі „Адлер» з Мангейма. Лік у матчы быў адкрыты ўжо ў пачатку дзевятай хвіліны, калі беларуская дружына рэалізавала колькасную перавагу пасля выдалення Філіпа Рыферса за затрымку суперніка. Хакеісты „Нёмана” разыгрывалі большасць да дакладнага, а на завяршальны кідок вывелі Мілана Мікуліка. Чэшскі форвард адгукнуўся на перадачу славака Францішака Складанага і адправіў снарад ў сетку. Другую шайбу гарадзенцы таксама правялі, маючы на ​​аднаго гульца больш. У пачатку другога перыяду пасля пасу капітана каманды Андрэя Коршунава вызначыўся славацкі нападнік Міхал Хован. Што цікава, галявая перадача зноў прайшла праз «пятак» дзейнага чэмпіёна Нямеччыны. Да канца паядынку немцы згулялі восем хвілін у большасці, у роўных складах таксама стараліся нагнятаць абстаноўку ля уладанняў Максіма Саманькова, аднак галкіпер «Нёмана» быў бездакорны. Дарэчы, менавіта ён быў названы лепшым гульцом матчу ў складзе гаспадароў – 2:0 на карысць “Нёмана”. Наступны паядынак у Лізе чэмпіёнаў «Нёман» правядзе зноў супраць «Адлера». Ён адбудзецца 27 жніўня на лёдзе «SAP-Арэны» ў Мангейме.

Беларускае Радыё Рацыя