Клуб “Тарпеда-БелАЗ” застаецца верным беларускай мове



Жодзінскі футбольны клуб вышэйшай лігі “Тарпеда-БелАЗ” з прыхільнасцю ставіцца да беларусізацыі айчыннага спорту, пра што прэс-сакратар клуба напісаў у адказе на ліст каардынатара грамадскай ініцыятывы “Справаводства па-беларуску” Ігару Случаку. Ігар штогод перад пачаткам новага футбольнага сезону дасылае лісты ў футбольные клубы краіны і заклікае шырэй выкарыстоўваць беларускую мову ў сваёй спартовай дзейнасці. “Ліст з Жодзіна – гэта самы прыхільны адказ, які я калі-небудзь атрымліваў”, – адначыў Ігар Случак.

– Гэта адзін з самых беларускамоўных клубаў краіны. Яны працягваюць пашыраць беларускую мову ў сваім клубе. У гэтым сезоне ў іх беларускамоўныя майкі, дыктар працуе па-беларуску, яны таксама з гэтага сезону пачалі выпускаць па-беларуску праграмы і завялі беларускамоўны Фэйсбук. Яны таксама адзначылі ў сваім адказе, што добра ацэньваюць тое, чым я займаюся – прасоўваю беларускую мову ў спорце і ў прыватнасці ў футболе.

Дарэчы, і летась футбалісты “Тарпеда-БелаАЗ” выстапалі ў беларускамоўнай спартовай форме. Менеджар жодзінскага клуба па працы з грамадскасцю і маркетынгу Віктар Глушко летась паведаміў журналістам, што за надпісы прозвішчаў гульцоў па-беларуску выказаліся і заўзятары, і самі гульцы каманды.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя