„Крэсавы марафон”: пачатак ІХ сезона



Распачаўся дзявяты сезон „Крэсавага марафону”. Гэта самая вядомая велаімпрэза ва ўсходняй Польшчы.

Ля вадасховішча ў Беластоку сабралася больш за 500 раварыстаў з Польшчы, Беларусі і Літвы. Удзельнікі галоўнага марафону праедуць трасу, якая вядзе праз Кнышынскую пушчу. Для гасцей з Беларусі „Крэсавы марафон” – гэта нярэдка адна нагода на ўдзел у такога тыпу спаборніцтвах. Кажа арганізатар гонак Міраслаў Барэй.

– Стартуюць раварысты з Беларусі, Літвы, Расеі. Вядома, найбольш удзельнікаў з Польшчы, з Беластока. У нас, у Польшчы, вельмі шмат марафонаў. Аднак у Беларусі ёсць практычна толькі адзін марафон, таму зразумела, адкуль такое жаданне беларускіх раварыстаў хоць бы раз у год стартаваць у вялікай і добраарганізаванай велагонцы.

„Крэсавы марафон” складаецца з 16 этапаў. Наступныя велагонкі пройдуць 23 красавіка ў Мельніку над Бугам. Чарговыя спаборніцтвы, між іншым, пройдуць у Кнышыне, Янаве і Нараўцы. Адзін з этапаў адбудзецца таксама ў Беларусі, 17 ліпеня – у Сапоцкіне.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі