Ліга чэмпіёнаў: „Барселона” – „Баварыя” – 3:0



„Барселона” разграміла мюнхенскую „Баварыю” у першым паўфінальным матчы футбольнай Лігі чэмпіёнаў – 3:0. Аргенцінец Ліанэль Месі ўзяў пэўны рэванш за паразу сваёй зборнай немцам у фінале апошняга чэмпіянату свету. Менавіта Месі фактычна вырашыў зыход сустрэчы на „Камп ноў”. Цягам трох хвілін супер-форвард адзін разабраўся з усёй абаронай мюнхенцаў і аформіў голавы дубль. У першым выпадку, праўда, Луіс Суарэс закрываў агляд брамніку Мануэлю Ноеру і арбітры магі зафіксаваць у яго „актыўны” афсайд. Другі ж мяч быў проста шэдэўральны. Галы былі зафіксаваныя на 77-й і 80-й  хвілінах. А перад фінальным свістком бразілец Нэймар уцёк сам насам з галкіперам „Баварыі” і аформіў накаўт суперніка. У той сітуацыі вельмі пісьменна спрацаваў суддзя Рыццолі. які не спыніў гульню пасля фолу на Суарэсе і даў давяршыць імклівую атаку.

Апроч іншага Месі зноў абагнаў свайго адвечнага суперніка Крышціяну Раналду ў спрэчцы лепшых снайпераў футбольнай Лігі чэмпіёнаў за ўсе гады. У аргенцінца зараз стала 77 забітых мячоў, у партугальца іх 76.

Беларускае Радыё Рацыя