Лядовая арэна ў Бярозе прастойвае з-за доўгу за электраэнергію



Пабудаваная ТАА „Трайпл” лядовая арэна ў Бярозе прастойвае без лёду. Прычына – 50 000 рублёў доўгу за электраэнергію. Юныя хакеісты мясцовага клуба вымушаны ездзіць на трэніроўкі ў суседнія Івацэвічы. Калі да 1 верасня сітуацыя не зменіцца, каманда можа прапусціць чарговы сезон.

Намеснік старшыні мясцовага райвыканкама Яўген Тарасюк, які курыруе спорт, распавёў пра спробы вырашыць гэтую праблему.

„Я свой працоўны дзень пачынаю са званкоў у аблвыканкам з пытаннем:”! Што будзем рабіць?!”. Сітуацыя развіваецца складана. На гэта ёсць некалькі прычын. Была арганізавана сустрэча Сяргея Юр’евіча, сына Чыжа, са старшынёй Берасцейскага аблвыканкама. На жаль, быў нейкі форс-мажор на мінулым тыдні і Сяргей Чыж не змог прыехаць. Сустрэча губернатара з кіраўніцтвам „Трайпла” так і не адбылася. Было даручэнне Сяргея Юр’евіча фінансістам „Трайпла” аб тым, каб заплаціць 50 тысяч – доўг лядовай арэны за электраэнергію. пакуль мы пісалі лісты, каб цалкам ня адключылі (ад электраэнергіі) гэты будынак. Энергетыкі кажуць: „мы будзем судзіцца таму, што 50 тысяч – вялікая сума”. На жаль, сітуацыя такая. Чакаем сустрэчы ў губернатара. Я думаю, там будзе прынята рашэнне.

Думаю, сустрэча ў выніку адбудзецца. Раз губернатар тыдзень таму прызначыў сустрэчу з кіраўніцтвам „Трайпла”, то Сяргей Чыж павінен разумець, што гэта вельмі сур’ёзнае пытанне. Вы паверце, губернатар не сустракаецца па простых пытаннях. Калі можна вырашыць на ўзроўні раёна, мы бярэм гэта на сябе.

Да губернатара даходзяць ўжо такія праблемныя пытанні, якія мы на раённым узроўні не можам вырашыць. Чаму мы не можам вырашыць? Таму, што неабходна прыкладна 200 тысяч рублёў на ўтрыманне лядовай арэны. Яны не запланаваны ў раённым бюджэце.

Сёння забраць Лядовую арэну не можам. Ну і вы разумееце – гэта прыватная ўласнасць. І грошай у бюджэце не прадугледжана. Нават калі б мы хацелі, то грошы нам павінны былі даць з абласнога бюджэту „, – як перадае tut.by, паведаміў чыноўнік.