Менскае „Дынама” – другі па наведвальнасці хакейны клуб у Еўропе



Менскае „Дынама” – другі па наведвальнасці хакейны клуб у Еўропе. Такія даныя апублікавала Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF).

У штогадовай справаздачы IIHF аб наведвальнасці першае месца 16 гадоў запар займае швейцарскі „Берн”, матчы якога ў сярэднім наведваюць 16 тыс. 399 гледачоў. Беларускі прадстаўнік у Кантынентальнай хакейнай лізе падняўся з шостага месца ў мінулым сезоне на другое ў бягучым – 13 тыс. 230 балельшчыкаў. У пяцёрцы лепшых таксама два нямецкія клубы „Кёльнер Хае” (12 тыс. 662 гледачы), „Айсбарэн” (12 тыс. 052) і піцерскі СКА (11 тыс. 735 гледачоў).

Па выніках сезона ў КХЛ менская каманда прызнана самай наведваемай. Дружына Крэйга Вудкрафта ў мінулым рэгулярным чэмпіянаце паказала высокі рэзультат, заняўшы пятае месца ў Заходняй канферэнцыі. У плэй-оф „Дынама” завяршыла барацьбу пасля першага круга, уступіўшы яраслаўскаму „Лакаматыву”.

belta.by