Нацыянальны сцяг Беларусі на Алімпіядзе



Амаль чвэрць стагоддзя таму, упершыню ў гісторыі самых прэстыжных спартовых спаборніцтваў – Алімпійскіх гульнях, залунаў беларускі нацыянальны сцяг. Гэтая падзея адбылася ў 1992 годзе, аб ёй нагадвае замежная кінахроніка, а таксама беларускія вырабы з нагоды гульняў.

Нягледзячы на тое, што ў Зімовых і Летніх гульнях 1992 году нашыя спартоўцы бралі ўдзел у складзе Аб’яднанай каманды, у якую ўваходзілі былыя краіны СССР, акрамя Эстоніі і Літвы, было прынятае рашэнне, каб кожны спартовец выступаў пад сваім сцягам. У выніку перамогі, а таксама на цырымоніі адкрыцця і закрыцця, уздымаліся нацыянальныя сцягі спартоўцаў. Залунаў на Алімпіядзе і бел-чырвона-белы сцяг.

Летнія Алімпійскія гульні 1992 года адбываліся ў Барселоне. На кадрах іспанскага тэлебачання бачна, як спачатку нясуць шыльду з надпісам Belarus, пасля рухаюцца сцяганосцы, ў сярэдзіне бачны бел-чырвона-белы сцяг, а ў натоўпе спартоўцаў шмат беларускіх сцяжкоў.

Акрамя гэтага, па замове Нацыянальнага алімпійскага камітэту Рэспублікі Беларусь (НАК), Менская скурагалантарэйная фабрыка вырабіла дарожныя торбы са сваім лагатыпам. Торбу ў першую чаргу распаўсюдзілі сярод спартоўцаў, фізкультурна-спартыўных устаноў і паставілі невялічкую партыю на продаж.

Зімовыя Алімпійскія гульні 1994 года адбываліся ў Лілехамеры. Нарвежская кінахроніка добра зафіксавала выхад беларускіх спартоўцаў. Гэта першы асобны ўдзел нацыянальнай зборнай Беларусі. На кадрах бачна, як хлопчык каля мікрафону махае бел-чырвона-белым сцяжком і пасля збягае бліжэй да беларускіх спартоўцаў. Сцяг нясе біятланіст Яўген Рэдзькін, які ўзяў золата на мінулай Алімпіядзе. Дарэчы, цяпер спадар Рэдзькін працуе дырэктарам Дэпартаменту фізічнай культуры і спорту Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі (Расейская Федэрацыя).

На гульнях у Лілехамеры Беларусь заняла 15-е месца, абышоўшы такія буйныя краіны, як Францыя, Кітай ды Вялікабрытанія. Усяго ў зімовых спаборніцтвах удзел узяло 67 краін свету.

Часта можна пачуць ад праўладных колаў такі аргумент на карысць сучаснай дзяржаўнай сімволікі, што пад ёй Беларусь годна паказала сябе ў спорце, яе ведае міжнародная супольнасць, а вось бел-чырвона-белы сцяг толькі „засвяціўся” ў палітыцы. Але як бачым, пад нацыянальным сцягам і ў Алімпійскіх гульнях Беларусь здабывала і яшчэ будзе здабываць перамогі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя