«Навагодні Бег Тура» па ваколіцах Бельска



Новы год па-спартыўнаму суcтрэнуць на Бельшчыне. 1 студзеня 2016 года адбудзецца там «Навагодні Бег Тура» на дыстанцыі 10 кіламетраў. Маршрут бегу будзе ісці праз Бельск Падляшскі ды ваколіцы гораду. Пра падрабязнасці, звязаныя з мерапрыемствам, распавёў нашаму радыё арганізатар Марэк Троц:

– Пачынаем маршрут у Галодах. Старт у 12 гадзін. 6 кіламетраў па лесе, затым дарогай праз Відова да Бельска. Нашая арганізацыя – “Бельская роварная ініцыятыва”. Хочам, каб у Бельску Падляшскім адбываліся такія спартовыя ініцыятывы. Такіх мерапрыемстваў не шмат ладзіцца. Хацелася б, каб жыхары Бельска вялі здаровы лад жыцця. І яшчэ, каб гэты бег быў не толькі спартовым, але каб ён інтэграваў наша асяроддзе.

Фініш «Навагодняга Бегу Тура» адбудзецца каля Бельскай ратушы – у месцы, дзе адбываліся здымкі кінастужкі «Знахар». Інтэрнет-запісы праходзяць да 31 снежня, на сайце http://nowe.elektronicznezapisy.pl/event/61.html, дзе можна і пазнаёміцца з умовамі бегу. Запісвацца на «Навагодні Бег Тура» можна таксама перад пачаткам мерапрыемства, ужо з 10.00. Больш падрабязнасцей можам знайсці на фейсбукавым профілі мерапрыемства Noworoczny Bieg Tura.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя