Нідэрлянды могуць не трапіць на Еўра-2016



Футбольная іерархія Старога свету спакваля мяняецца. Пра гэта выразна сведчыць і турнірная сітуацыя адборавай групы “А” да чэмпіянату Еўропы-2016. Пачаткова галоўны фаварыт кампаніі, тытулаваная дружына Нідэрляндаў ідзе пакуль толькі на 3-й пазіцыі. Аранжавыя пасля 7 тураў маюць усяго 10 ачкоў і на адзін пункт апярэджваюць Турцыю. Наперадзе табліцы ўпэўнена крочыць зборная Ісляндыі, якая мае 18 ачкоў. На другой пазіцыі Чэхія – 16 ачкоў.

Учора галяндцы імкнуліся ўзяць у дзёрзкіх астравіцянаў рэванш, які скончыўся для “аранье” сапраўдным пшыкам. Змена галоўнага трэнера Гуса Хідзінка на Дані Блінда пакуль не дала ніякіх пазітыўных зменаў. У першым тайме арбітр выдаліў абаронца гаспадароў Марцінса Індзі, а неўзабаве пасля перапынку ісляндцы рэалізавалі пенальці і далей ўтрымалі сваю перавагу – 1:0.

Чэхі ледзь не сканфузіліся ў хатнім паядынку з Казахстанам. Доўгі час наперадзе былі менавіта госці. Балазе ў шэрагах Чэхіі знайшоўся свой казырны валет – Мілан Шкода забіў двойчы – на 74-й і 86-й хвілінах і ўратаваў такія каштоўныя ачкі. 2:1 на карысць Чэхіі. Турцыя ня здолела на сваёй арэне перамагчы Латвію – 1:1.

Тры матчы прайшлі і ў групе “В” . Кіпр саступіў Уэльсу – 0:1. Вікторыю брытанцам прынёс іх зорны майстар Гарэт Бэйл на 82-й хвіліне сустрэчы. Бельгія пасля голу Эдзіна Джэка ў дэбюце саступала Босніі і Герцагавіне, аднак у складзе гаспадароў знайшлося больш удалых майстроў – Маруан Фэлайні, Кевін дэ Бройне і Эдэн Азар тройчы далі магчымасць па-сапраўднаму парадавацца сваім заўзятарам. У выніку 3:1 на карысць бельгійцаў.

Ізраіль дома без праблемаў разабраўся з Андорай – 4:0. Пасля 7 тураў у гэтай групе становішча лідараў такое: Уэльс – 17 пунктаў, Бельгія – 14, Ізраіль – 12.

Сустрэчы ў кампаніі “H” завяршыліся так: Балгарыя – Нарвегія – 0:1, Азэрбайджан – Харватыя – 0:0, Італія – Мальта – 1:0. Як бачым і тут фаварытам давялося памучыцца. Італія перамагла сціплых мальтыйцаў, дзякуючы адзінаму голу Грацыяна Пеле, харваты ж увогуле страцілі два “жалезныя” пункты. Балгары саступілі непасрэдным канкурэнтам і бадай што згубілі рэальныя шанцы на выхад у фінальную стадыю. Становішча ў групе зараз такое: Італія – 15 ачкоў, Харватыя – 14, Нарвегія – 13, Балгарыя – 8.

Сёння пройдзе шэраг цікавых і прынцыповых сустрэч у іншых групах. У цэнтры ўвагі будзе паядынак Нямеччына – Польшча ў групе “D”. Напомнім, што палякі ідуць на першым месцы і пакуль на ачко апярэджваюць Германію. У групе “F” у змаганні за каштоўныя ачкі зыдуцца Венгрыя і Румынія.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя