„Нёман” пачаў чэмпіянат з нічыі



Гарадзенскі футбольны „Нёман” у суботу ўзяў старт у 25-ым нацыянальным першынстве. У сустрэчы 1 туру нёманцы згулялі ўнічыю з сярэбраным прызёрам мінулагодняга турніру – сталічным „Дынамам” – 1:1.

Першы тайм прайшоў пры тэрытарыяльнай перавазе гасцей, аднак гарадзенцы час ад часу востра дзеілі ў контратаках. У выніку адной з іх форвард Артур Бомбель, фактычна апынуўся сам на сам з дасведчаным брамнікам Васілём Хамутоўскім і ня схібіў. Неўзабаве гаспадары поля маглі падвоіць перавагу, аднак не рэалізавалі стоадсоткавую магчымасць.

У другой палове дынамаўцы, якія да гэтага дзеілі досыць просталінейна, сталі камбінаваць больш разнастайна. Урэшце адзін з шматлікіх легіянераў „бела-блакітных” Чыгозе Удоджы трапна завяршыў элегантную троххадоўку. Пасля чаго ўжо дынамаўцы не выкарысталі яшчэ адзін выдатны момант. У выніку ж заканамерная нічыя.

Беларускае Радыё Рацыя