„Нёман” павіншаваў з Днём роднай мовы



Гарадзенскія футбалісты загаварылі па-беларуску, у сайта з’явілася беларускамоўная версія, але, як аказалася, гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы, якія рыхтуе „Нёман” у Дзень роднай мовы.

Нёман

У жніўні 2015 года гарадзенскі клуб паабяцаў грамадскаму актывісту Ігару Случаку, што „Нёман” выкарыстае ўсе магчымасці, каб развіваць родную мову ў гарадзенскім футболе.

Доўга чакаць не прыйшлося: „Нёман” стрымаў сваё абяцанне і не толькі запусціў беларускамоўную версію сайта, але і заахвоціў футбалістаў загаварыць на роднай мове.

https://www.youtube.com/watch?v=xfaVsyOvcg8

Адзін з футбалістаў, што прынялі ўдзел у здымках, — Павел Забелін:

„Мне прапанавалі паўдзельнічаць у здымках роліку, і я пагадзіўся. Мне спадабалася, думаю, заўзятары ацэняць. Сам я стаўлюся да беларускай мовы як да роднай. Калі б усе перайшлі на яе, я б гэта ўспрыняў з вялікай радасцю. А так, пакуль асабіста мне цяжка пераключыцца”.

Новай версіі сайта і відэароліку ўзрадаваўся і Ігар Случак. Ён адзначыў, што гарадзенскі „Нёман” за кошт гэтага стаў адным з самых беларускамоўных спартыўных клубаў Беларусі:

„Калі сёння прагортваў стужку ў сацыяльных сетках, быў прыемна ўражаны беларускамоўным віншаваннем гульцоў „Нёмана” з Днём роднай мовы. Якое ж было маё здзіўленне, калі, зайшоўшы на сайт, я ўбачыў, што з’явілася і беларускамоўная версія сайта! Гэта сапраўдны падарунак усім футбольным прыхільнікам не толькі „Нёмана”, але і ўсёй Беларусі”.

Ігару тым больш прыемна, што клуб паабяцаў яму стварыць беларускамоўную версію сайта і сваё слова стрымаў. „Гэта вельмі годная рыса не толькі ў футболе, але і ў жыцці, — кажа Ігар. — Яшчэ пару год таму ў Нёмане беларуская мова амаль не выкарыстоўвалася, а зараз клуб з Гародні — адзін з самых беларускамоўных у Беларусі. І беларускай мовы з кожным месяцам у ім становіцца ўсё болей”.

Зараз у каманд Вышэйшай Лігі чэмпіянату Беларусі ёсць толькі тры сайты з беларускамоўнай версіяй: „Дынама” Мінск, „Нёман” і, з вялікай нацяжкай, мазырская „Славія”.

У „Нёмане” распавялі, што гэта яшчэ не ўсе падарункі, якія яны падрыхтавалі да Дня роднай мовы, і прапанавалі ўсім сачыць за навінамі.

„Твой стыль”