«Паплавы» стартавалі з цэнтральнай плошчы Гародні



Аўтааматары з Беларусі, Літвы, Латвіі, Расеі і  Украіны прымаюць удзел у этапе трофі-рэйда «Паплавы», які праходзіць у ваколіцах Гародні.

Старт спаборніцтваў адбыўся на цэнтральнай плошчы абласнога цэнтра. Больш за 100 экіпажаў на джыпах: пазадарожніках і квадрацыклах, будуць на працягу двух дзён высвятляць пераможцаў у спаборніцтвах, якія з кожным годам знаходзяць усё новых прыхільнікаў — кажа адзін з арганізатараў рэйда, Уладзімір Захарка:

— Гэта трэці этап кубка Заходняга рэгіёна, а ў межах кубка чатыры такіх мерапрыемствы і апошняе гэта Альманскія балоты Мэрлін, Столінскі раён. У нас немалая колькасць замежнікаў і, нават, адзін амерыканскі экіпаж ёсць. А зарэгістравана было каля 150 экіпажаў.

Удзельніца рэйда, Юлія:

— Мой муж зацікавіўся спортам 5 гадоў таму і прывёў мяне. І хоць мала хто з дзяўчынаў затрымліваецца, мне гэта падабаецца.

 Дзмітры Катонаў, удзельнік рэйда:

— Дзесяць гадоў таму мы стварылі клуб «Львоў 4х4» і фактычна з таго часу мы і ездзім. Сюды мы прыехалі не сваім ходам, вядома, бо сваім ходам на гэтай машыне так далёка было б надта складана. Хацелася б больш чым на два дні, бо 2 дні сюды ехаць, два дні спаборніцтваў і 2 дні ехаць назад — крыху цяжкавата.

Паводле загада Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь, пачынаючы з 2015 года трофі-рэйды ўвайшлі ў рэестр афіцыйных відаў спорту. Гэта дасць магчымасць праводзіць спаборніцтвы на больш высокім узроўні і афіцыйна лічыць старты на машынах–пазадарожніках міжнароднымі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня