Паралімпійскі камітэт Беларусі не пакараюць



Паралімпійскі камітэт Беларусі пазбег санкцый з боку Міжнароднага паралімпійскага камітэта (МПК) за з’яўленне расейскага сцяга на цырымоніі адкрыцця Гульняў-2016. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў прэс-аташэ МПК Крэйг Спенс.

Адзін з членаў дэлегацыі зборнай Беларусі, начальнік аддзела зімовых відаў спорту кіравання спорту Міністэрства спорту і турызму Беларусі Андрэй Фомачкін пранёс сцяг Расеі падчас параду атлетаў на цырымоніі адкрыцця Паралімпійскіх гульняў 2016 года ў Рыа-дэ-Жанейра ў знак салідарнасці з расейскімі паралімпійцамі, якіх не дапусцілі да Гульняў. Пазней за гэты ўчынак ён быў пазбаўлены акрэдытацыі на Гульні.

«Гаворка ідзе пра госця ў дэлегацыі зборнай Беларусі. Гэта індывідуальны пратэст. Мы так яго расцэньваем, таму ўжылі санкцыі толькі да гэтага чалавека – адклікалі яго акрэдытацыю», – сказаў Спенс, адказваючы на ​​пытанне карэспандэнта ТАСС. Таксама ён некалькі разоў падкрэсліў, што чалавек са сцягам быў „не спартоўцам і не трэнерам”, таму „вырашыць пытанне было прасцей”.

«На наш погляд, пытанне закрытае. Сёння мы размаўлялі з Паралімпійскіх камітэтам Беларусі і сказалі ім, што правілы ёсць правілы. Палітычныя пратэсты забароненыя на Паралімпійскіх гульнях, – дадаў прэс-аташэ МПК. – Калі яны працягнуць такія пратэсты, тады мы будзем думаць аб далейшых мерах».