Патрэніраваліся на грэках



Футбалісты зборнай Беларусі перамаглі каманду Грэцыі ў таварыскім матчы з лікам 1:0. Сустрэча, якая праходзіла на поле стадыёна „Караіскакіс”, ня выклікала вялікай цікавасці ў грэчаскіх заўзятараў. На трыбуны, якія змяшчаюць 34 тысячы гледачоў, прыйшлі каля дзвюх тысяч чалавек. Адбіўшы стартавы націск, беларусы сталі дзейнічаць больш актыўна і на 14-й хвіліне Сяргей Паліцевіч выдатна выканаў штрафны ўдар з 25-метровай дыстанцыі. Неўзабаве беларусы стварылі яшчэ два голавыя моманты, але ўдары Дзяніса Лапцева і Паўла Савіцкага не дасягнулі мэты. У другім тайме больш атакавалі гаспадары, але вынік не змяніўся. Цяпер каманда Аляксандра Хацкевіча выправіцца ў Сафію, дзе 13 лістапада правядзе адборавы матч чэмпіяната свету супраць зборнай Балгарыі. Пасля трох тураў спаборніцтваў у кваліфікацыйнай групе “А” балгарскія футбалісты маюць у сваім актыве 3 ачкі, у беларусаў на адзін бал менш. Наперадзе зборныя Францыі і Швецыі, у якіх па 7 ачкоў, 4 балы ў каманды Нідэрляндаў. На апошнім, шостым месцы футбалісты Люксембурга, якія набралі 1 ачко.