Павел Знавец: Беларускія хакеісты – як сонныя мухі



Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец распавядае пра тое, чаму гэтае сусветнае першынство так няўдала склалася для беларускай зборнай.

Нагадаем, беларуская зборная на чэмпіянаце свету па хакеі, які праходзіць у Расеі, не толькі страціла шанцы патрапіць у плэй-оф, але і аказалася на мяжы вылету з элітнага дывізіёна. 17 траўня беларуская каманда згуляе са зборнай Францыі, і гэты матч для беларусаў будзе лёсавызначальным.

Павел Знавец: За тыя пяць матчаў, што правяла наша каманда на першынстве, на куражы згулялі толькі 20 хвілін – у трэцім перыядзе са славакамі, калі закінулі чатыры шайбы. У астатнім беларускія хлопцы былі, як сонныя мухі. Ці то фізічнай падрыхтоўкі зусім няма, ці то яшчэ нечага не хапае. Цяжка растлумачыць. Нават на фоне амерыканскіх студэнтаў беларусы выглядалі, як хлопчыкі для збіцця. Я ўжо не кажу пра матч з венграмі, якія атрымалі над нашай камандай гістарычную перамогу. У эліце, мяркую, нашы ўсё-такі ўтрымаюцца, але патрапіць на Алімпіяду з такой гульнёй будзе практычна немагчыма.

РР: Венграў беларусы, можа, быць проста, недаацанілі?

Павел Знавец: Не думаю. Проста беларускую зборную ахапіла нейкая апатыя і абыякавасць да жыцця і гульні ў хакей. Венгрыя – гэта ж не хакейная дзяржава, тым больш, што раней зборныя дзесяць разоў сустракаліся і дзевяць разоў перамагалі беларусы (у адным матчы згулялі ўнічыю). Столькі сродкаў дзяржава ўкінула ў Беларусі ў хакей, столькі палацаў набудавалі, а на выхадзе – практычна без выніку. Нешта не той шлях абраў беларускі хакей, трэба будзе з гэтым разбірацца. Неабходна кардынальна змяняць падыходы, дадаваць нейкія стымулы, каб хаця б патрапіць на Гульні.

РР: Можа хакеістам трэба больш прэміяльных грошай паабяцаць за выхад на Алімпіяду?

Павел Знавец: Не трэба іранізаваць, магчыма, і так. У нас праходзяць у краіне нікому не патрэбныя аматарскія турніры, дык лепш гэтыя грошы і праўда накіраваць на прэміянальныя бонусы за Алімпіяду. Тады б і аддача большая была.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя