Першыя вынікі і наступствы Еўра



На Еўра першыя выходныя, што дазваляе падвесці вынікі групавога этапу. Прыгадаем яшчэ раз удзельнікаў 1/8-й фіналу: з аднаго боку таблічнай сеткі склаліся такія пары: Германія – Славаччына, Італія – Іспанія, Францыя – Ірляндыя, Англія – Ісляндыя. Ім насустрач з іншага боку будуць ісці пераможцы наступных двубояў: Швайцарыя – Польшча, Харватыя – Партугалія, Уэльс – Паўночная Ірляндыя, Венгрыя – Бельгія. Цікавая геаграфія прадстаўніцтва. Кідаецца ў вочы, што прайшлі стадыю адбору ўсе чатыры дружыны брытанскай прасторы. Выйшлі ў 1/8-ю фіналу дзве пірэнейскія дружыны, чатыры каманды з Усходняй Еўропы – прычым суседзі з поўначы на поўдзень – Польшча, Славаччына, Венгрыя, Харватыя, яшчэ пяць заходнеўрапейскіх дружын. Асобна вылучым канешне астраўную Ісляндыю, якая ўпершыню трапіла ў эліту. Заўважу таксама, што Швайцарыя таксама першы раз адолела адборавы бар’ер, а Уэльс – першы з 1992 году дэбютант, які выйграў групу.

Агулам на турніры зафіксавана 69 галоў у 36 матчах. Сярэдняя выніковасць пакуль не дацягвае да адзнакі 2 мячы за гульню. Лепшыя бамбардзіры пакуль двое – іспанец Альвара Марата і валіец Гарэт Бэйл – па 3 галы. А зараз наш статыстычны эксклюзіў. Найбольш мячоў забілі прадстаўнікі 12 ангельскіх клубаў – на іх рахунку 17 мячоў, прадстаўнікі італійскай серыі А і іспанскай Прымеры вызначаліся па 11 разоў. А вось далей нечакана следуюць турэцкія каманды – 9 галоў, дастаткова сказаць што бундэсліга мае на сваім рахунку толькі 6, а прадстаўнікі французскага першынства не забівалі ўвогуле (!). Што датычыць клубаў, то тут як належыць пераможцу Лігі чэмпіёнаў наперадзе мадрыдскі “Рэал” – 5 мячоў, па 3 разы вызначаліся гульцы італійскіх “Ювентуса” і “Інтэра”, а таксама турэцкіх “Фенербахчэ” і “Бурсаспора”.

А цяпер пра навіны вакол турніру. Брыгада аграномаў УЕФА пад кіраваннем ангельца Рычарда Хэйдэна пачала працы па замене газона на стадыёне “П’ер Маруа” ў Лілі. Прыблізна праз гадзіну пасля сканчэння матчу паміж зборнымі Італіі і Ірляндыі адмыслоўцы пачалі здымаць слой травы. Новы газон, на якім згуляюць нацыянальныя дружыны Нямеччыны і Славаччыны, быў вырашчаны ў Нідэрляндах, якія хоць такім чынам будуць датычныя да фінальнай часткі Еўра. Пасля сканчэння працы ў Лілі каманда УЕФА выправіцца на стадыён “Веладром” ў Марсэлі, дзе таксама заменіць зялёнае покрыва. Французскія спецыялісты выказалі скепсіс да дзеянняў Хэйдэна, аднак УЕФА выдаў яму поўны давер – раней адмысловец уладкоўваў ажно 250 палёў у 41 краіне.

Галоўны трэнер зборнай Украіны Міхаіл Фаменка афіцыйна падаў у адстаўку. Яшчэ раней гэта зрабіў настаўнік расейцаў Леанід Слуцкі. Яго месца не супраць заняць небезвядомы Гус Хідзінк – галяндзец выказаў намер памагчы Расеі ў цяжкай сітуацыі.

Галоўны трэнер зборнай Турцыі, якая таксама пакінула турнір, Фаціх Церым падаў у суд ажно на 21 чалавека, якія пакінулі зняважлівыя каментары ў сацыяльных сетках. Ён небеспадстаўна лічыць, што знявагі, якія абрынуліся на самога Церыма і яго сям’ю пасля паразы ад іспанцаў 0:3, прынеслі ім сапраўдныя маральныя страты.

Беларускае Радыё Рацыя