Рашэнне па справе беларускіх цяжкаатлетаў будзе прынята да 3 сакавіка



Рашэнне па справе беларускіх цяжкаатлетаў будзе прынята да 3 сакавіка. Аб гэтым паведаміў генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Анатоль Котаў, які знаходзіцца ў Лазане.

27 студзеня ў Міжнародным спартыўным арбітражным судзе (CAS) у Лазане адбыліся слуханні па разглядзе іску Беларускага цяжкаатлетычнага саюза да Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі.

У пасяджэнні прынялі ўдзел юрысты НАК Беларусі і адвакацкага бюро „Данілевіч і Валожынец”. Судом была разгледжана апеляцыя беларускага боку адносна гадавога адхілення нацыянальнай каманды ад спартыўнай дзейнасці за допінгавыя парушэнні, дапушчаныя на Алімпіядах у Лондане – 2012 і Пекіне – 2008. Як паведамляецца, інфармацыя з рашэннем будзе накіравана бакам да 3 сакавіка.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) у траўні 2016 года аб’явіў, што паўторная праверка допінг-проб А Алімпіяды 2012 года выявіла 23 спартсменаў, у арганізме якіх тэсты паказалі наяўнаць забароненых прэпаратаў. У чэрвені мінулага года сталі вядомы імёны беларускіх цяжкаатлетаў, абвінавачаных у парушэнні антыдопінгавых правіл, – Марына Шкерманкова, Дзіна Сазанавец і Яўген Жарнасек. Пазней Міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі апублікавала чарговы спіс станоўчых допінг-тэстаў, у якім значылася яшчэ адна беларуска Ірына Кулеша, якая заняла трэцяе месца на Гульнях-2012 у Лондане. Па выніках пераправеркі допінг-проб летніх Гульняў 2008 года ў Пекіне станоўчыя рэзультаты былі таксама ў Настассі Новікавай і Андрэя Рыбакова.

belta.by