„Рэал” і „Атлетыка” выйшлі ў паўфінал футбольнай Лігі чэмпіёнаў



Першымі паўфіналістамі Лігі чэмпіёнаў сталі футбалісты двух клубаў са сталіцы Іспаніі – „Рэал” і „Атлетыка”.

Дзеючы пераможца галоўнага кантынентальнага турніру мадрыдскі „Рэал” у паядынку ў адказ 1/4 фіналу прымаў мюнхенскую „Баварыю” і ў першым тайме поўнасцю кантраляваў ход гульні. Пасля перапынку госці сталі дзейнічаць больш актыўна і праз 8 мінут атрымалі права на пенальці, які дакладна рэалізаваў Роберт Левандоўскі. Мадрыдцы адказалі на 76-й мінуце голам свайго лідара Крышціяну Раналду, але літаральна праз мінуту баварцы зноў выйшлі наперад, калі мяч у свае вароты адправіў капітан „Рэала” Серхіа Рамас. Да канца асноўнага часу рэзультат 2:1 на карысць „Баварыі” не змяніўся, і венгерскі арбітр Віктар Кашаі назначыў дадатковы час, таму што ў першай чвэрцьфінальнай гульні ў Мюнхене з такім жа лікам выйграў „Рэал”. У авертайме, які чэмпіёны Германіі праводзілі ў меншасці пасля выдалення Артура Відаля, зноў сваё важкае слова сказаў Крышціяну Раналду – на 105-й і 110-й мінутах ён яшчэ двойчы паразіў вароты Мануэля Ноера, аформіўшы хет-трык. У дзвюх сустрэчах з „Баварыяй” Раналду забіў 5 мячоў. Кропку ў мадрыдскай сустрэчы паставіў Марка Асенсіа – 4:2 на карысць „Рэала”.

Футбалісты „Рэала” 11 разоў выйгравалі галоўны клубны турнір Старога Свету, у тым ліку і ў мінулым сезоне, калі ў фінале яны адолелі „Атлетыка” ў серыі пасляматчавых пенальці.

Фіналіст мінулага розыгрышу „Атлетыка” гуляў на полі дэбютанта чэмпіёнскай Лігі англійскага „Лестэра”, і на 26-й мінуце Сауль Ньігес вывеў гасцей наперад. У другой палавіне сустрэчы гаспадары павялічылі тэмп, і іх галоўны бамбардзір Джэймі Вардзі зраўнаваў лік – 1:1. Футбалісты „Лестэра” прадаўжалі атакаваць, але больш поспеху на дабіліся і прапусцілі ў паўфінал сапернікаў. У першай чвэрцьфінальнай сустрэчы гэтых сапернікаў у іспанскай сталіцы „Атлетыка” перамог 1:0, дзякуючы пенальці, рэалізаванаму Антуанам Грызманам.

Яшчэ два чвэрцьфінальныя матчы ў адказ адбудуцца 19 красавіка. Іспанская „Барселона” ў сябе дома паспрабуе адыграцца пасля значнага паражэння ў Турыне ад італьянскага чэмпіёна „Ювентуса” (0:3), футбалісты дортмундскай „Барусіі” хочуць узяць рэванш за дамашнюю няўдачу ў гульні з „Манака” (2:3).

belta.by