Спаборніцтвы памяці Уладзіміра Раманоўскага



У Слоніме пачаліся нацыянальныя спаборніцтвы па веславанню на байдарках і каноэ на прызы алімпійскага чэмпіёна Уладзіміра Раманоўскага (1957-2013), які быў родам са Слоніма. Цяпер гэты турнір веславальшчыкаў набыў статус „Памяці Уладзіміра Раманоўскага”. На водасховішчы, што на вуліцы Баграціёна ў Слоніме, спаборніцтвы будуць працягвацца некалькі дзён. У ім прымаюць удзел каля 20 каманд юных спарсменаў з усёй Беларусі.

Ураджэнец Слоніма Уладзімір Раманоўскі пачаў займацца веславаннем у 12 гадоў, а ўжо ў 18 стаў чэмпіёнам Еўропы сярод юніёраў. Акрамя залатога медаля Алімпійскіх гульняў у Манрэалі-76 (байдарка-двойка, 1000 м), са сваім напарнікам з Украіны Сяргеем Нагорным заваяваў там яшчэ і сярэбраную ўзнагароду на дыстанцыі 500 м. За сваю спартыўную кар`еру Уладзімір Раманоўскі ў 70-80-я гады ХХ стагоддзя 7 разоў станавіўся чэмпіёнам Савецкага Саюза, перамагаў на VII летняй Спартакіядзе народаў СССР. За высокія спартыўныя дасягненні Уладзімір Раманоўскі быў удастоены ордэнаў Дружбы народаў і „Знак Пашаны”. Пасля завяршэння спартыўнай кар`еры, працаваў старшым трэнерам, а затым – начальнікам нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па веславанню на байдарках і каноэ.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.

Фота аўтара.