Скаргу футбольных заўзятараў суд не задаволіў



Менскі абласны суд разгледзеў касацыйную скаргу футбольных заўзятараў, затрыманых за шалікі з “Пагоняй”. Асноўнай інтрыгай паседжання была магчымасць далучэння да матэрыялаў справы відэазапісаў з „Барысаў-Арэны”. Міністар унутраных спраў сп. Шуневіч адназначна выказваўся, што гатовы прадаставіць адпаведныя матэрыялы. “Ад першай хвіліны паседжання стала зразумела, што суда проста не будзе”, – гаворыць заўзятар Зміцер Хведарук.

– Нягледзячы на доказы і факты, якія прадставіла адвакатка разам з намі, пра тое, што сведчанні амапаўцаў і супрацоўнікаў міліцыі былі супярэчлівыя, і нягледзячы на тое, што мы прадставілі гэтым разам доказы і сведчанні людзей, якія прысутнічалі на стадыёне, але не былі даслуханыя ў судзе, суддзя пакінуў вырак без зменаў. Суддзя не палічыў метазгодным запатрабаваць відэаматэрыялы справы ў міліцыі, каб пацвердзіць нашую невінаватасць, альбо вінаватасць.

“Суддзя нават фармальна не выйшаў у адпаведны пакой для прыняцця рашэння,” – дадаў Хведарук. 13 кастрычніка Барысаўскі суд прызнаў трох заўзатараў вінаватымі ў лаянцы матам і дробным хуліганстве. Усе былі пакараны аднолькавым штрафам у памеры 10 базавых велічыняў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота by.tribuna.com