Славаччына перамагла Расею



У сераду на Еўра стартаваў другі тур. Найбольшае ўражанне з трох матчаў пакінула сустрэча ў Лілі, дзе Славаччына абыграла Расею і дамаглася сваёй першай вікторыі ў фінальнай частцы чэмпіянату кантыненту. Калі нехта чакаў іншага зыходу – то бадай ня меў на тое важкіх падставаў. Варта прыгадаць, што менавіта славакі ў недалёкім мінулым ужо пару разоў абыгрывалі знешне грознага суперніка, а таксама паставілі ў адборы шлагбаўм Расеі перад чэмпіянатам свету 2006 году. Пасля невыразнага бляклага дэбюту ўсё вырашыла вышэйшае індывідуальнае майстэрства славакаў. Спярша Уладзімір Вайс адным фінтом пасадзіў на траву адразу двух абаронцаў Расеі і спакойна даслаў мяч у сетку Акінфеева. А перад самым перапынкам Марэк Гамшык гарматным стрэлам зарадзіў у штангу, ад якой мяч адляцеў па прызначэнні. У другой палове славакі недальнабачна празмерна адцягнуліся назад і дазволілі супернікам рэанімаваць інтрыгу. Расейцы арганізавалі дастаткова сімпатычны гол, але агульны зыход абсалютна заканамерны.

Група “В”. Расея-Славаччына-1:2 (Дзяніс Глушакоў, 80; Уладзімір Вайс, 32, Марэк Гамшык, 45).

Матч групы “А” Румынія-Швайцарыя нічым не парадаваў сапраўдных эстэтаў футболу. Румыны забілі ўжо свой другі пенальці на турніры, на гэты раз досыць спрэчны 11-мятровы прызначыў расейскі арбітр Сяргей Карасёў. У тым эпізодзе Ліхштайнер прытрымаў за кашульку Богдана Станку, капітан румынаў сам і выканаў прысуд рэферы. Альпійцы адыграліся пасля перапынку – пасля падавання кутняга Адмір Мехмедзі знайшоў шчыліну ў рэдутах суперніка. Але на большае ў гэты дзень нашчадкі гельветаў сталіся няздольнымі. Некалькі перспектыўных момантаў загубіў форвард швайцарцаў Харыс Сеферавіч. Ты ня менш падначаленыя Уладзіміра Петкавіча маюць выдатныя шанцы на выхад з групы, румыны ж не губляюць таксама трывалай надзеі.

Румынія-Швайцарыя-1:1 (Богдан Станку, 18, з пенальці; Адмір Мехмедзі, 56).

Заклапочаны твар Дзідзье Дэшама – найлепшая характарыстыка першага тайму сустрэчы Францыі з Албаніяй. Рулявы “трохкаляровых” рэфармаваў свой стартавы склад, не выпусціўшы ў аснове Антуана Грызмана, але гэта дало толькі негатыўны эфект. Застаўся на лаўцы рэзервовых і Поль Пагба. Усё гэта выглядала на самаўпэўненасць. За 45 хвілін гаспадары чэмпіянату не здзейснілі аніводнага прыцэльнага ўдару па браме суперніка, выявіўшы рэдкасную бяззубасць. Можна сказаць, што балканцы дзеілі нават больш разнастайна. Другі тайм не прынёс выразнага змену сцэнару, урэшце Дэшам выпусціў і згаданых вышэй джокераў. Некалькі шанцаў змарнаваў Аліўе Жыру, прычым аднойчы албанцаў уратавала штанга. Аўральны штурм французаў усё ж прынёс ім каштоўныя дывідэнды – рэпутацыю “трохкаляровых” выратаваў Антуан Грызман, галавой пераправіўшы мяч у сетку. Ну а ўжо ў дададзены час Дзімітры Пает падвоіў перавагу. Такім чынам пры невыразнай гульні Францыя першай з усіх удзельнікаў забяспечыла сабе выхад у плэй-оф.

Францыя-Албанія – 2:0 (Антуан Грызман, 90, Дзімітры Пает)

Становішча ў групе “А”: Францыя – 6 ачкоў, Швайцарыя – 4, Румынія – 1, Албанія – 0.

Праграма чарговага вечара будзе складацца з трох матчаў. Першымі ў Лансе спаткаюцца  Англія і Уэльс. Валійцы нечакана выбіліся ў лідары групы, але на гэты раз іх чакае цяжкае выпрабаванне старэйшым братам, які сканфузіўся ў першым туры.

Становішча ў групе “В”: Уэльс – 3 ачкі (адзін матч), Славаччына – 3 (2), Англія – 1 (1), Расея – 1 (2).

Эстафету працягне група “С”. У Ліёне выйдуць на поле дружыны Украіны і Паўночнай Ірляндыі. Калі жоўта-блакітныя захавалі тонус змагання з Германіяй – у іх усе шанцы на перамогу. Брытанцы блякла глядзеліся ў стартавым паядынку, але напэўна яны здольныя на большае.

Завяршаць гульнёвы дзень будуць у Сэн-Дэні Нямеччына з Польшчай. Абедзве дружыны маюць ужо па тры ачкі, так што нехта ў разе поспеху забяспечыць выхад у плэй-оф. Працягнецца адвечная спрэчка суседзяў, у якіх старыя футбольныя рахункі.

Дыспазіцыя ў групе “С”: Германія – 3 ачкі, Польшча – 3, Паўночная Ірляндыя – 0, Україна – 0.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя