Следчыя атрымалі справу кіраўніка дэпартамента БФФ



Следчыя органы прынялі да вытворчасці справу ў дачыненні да дырэктара дэпартамента судзейства і інспектавання Беларускай федэрацыі футбола Андрэя Жукава. Далейшым расследаваннем будзе займацца ўпраўленне Следчага камітэта Беларусі па Менску. Пра гэта БелаПАН паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Менску Аляксей Клімовіч.

Спартовы чыноўнік быў затрыманы ў сваім працоўным кабінеце 7 чэрвеня. Зрабілі гэта супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Менгарвыканкама разам з супрацоўнікамі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Маскоўскага РУУС сталіцы. Жукава падазраюць у атрыманні хабару, распачатая крымінальная справа (ч. 1 арт. 430 КК). Ад таго часу ён знаходзіцца пад вартай.