“Сокал” едзе на Сусветныя паланійныя гульні



50 чальцоў каманды спартыўнага клуба “Сокал”, што дзейнічае пры непрызнаваным уладамі Саюзе палякаў на Беларусі, прыме ўдзел у дванаццатых сусветных зімовых паланійных гульнях. Спаборніцтвы адбудуцца з 27 лютага па 5 сакавіка ў Падкарпацкім ваяводстве Польшчы. Палякі з Беларусі будуць змагацца за ўзнагароды ў такіх відах спорту, як біятлон, хакей, лыжныя гонкі, сноўборд і шорт – трэк.

Як зазначае віцэ-старшыня спартыўнага клуба “Сокал” Марэк Занеўскі, польскія спартоўцы з Беларусі заўсёды з задавальненнем прымаюць удзел у такіх спаборніцтвах:

– Паланійныя гульні – гэта вельмі карыснае мерапрыемства. Яно служыць інтэграцыі палякаў усяго свету, дае магчымаць паглядзець, як жывуць палякі ў іншых краінах, а таксама расказаць, як жывем мы.

Удзел у дванаццатых сусветных зімовых паланійных гульнях прымаюць спартоўцы польскага паходжання амаль з дваццаці краінаў свету. Два гады таму, на 11-х  зімовых гульнях, каманда Саюза палякаў на Беларусі заняла чацьвёртае месца ў агульнай класіфікацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня