Сцюарт Бінэм – чэмпіён свету па снукеры



Снукерны свет займеў новага караля – упершыню чэмпіёнам стаў 39-гадовы брытанец Сцюарт Бінэм.

Фінальны матч, які доўжыўся два дні, склаўся досыць напружана і драматычна. Пасля першых дзвюх сесій наперадзе быў фаварыт фіналу Шон Мёрфі – 9:8. Цягам гульні было 3:0 і 9:4. Аднак у панядзелак Сцюарт Бінэм павярнуў сітуацыю ў іншае рэчышча. Пры ліку 15:15 вырашальным стаў трыццаць першы фрэйм. Мёрфі быў у ім наперадзе, але не завяршыў выніковую серыю. І тут на Бінэма сапраўды зышло натхненне – ён паставіў суперніку некалькі неверагодных снукераў. З адной такой сітуацыі Мёрфі ня мог выйсці ажно 7 разоў, аддаў суперніку 30 штрафных ачкоў і ў выніку прайграў партыю. Пасля гэтага Бінэм узяў яшчэ два фрэймы і перамог – 18:15.

Мёрфі трэці раз выйшаў у фінал чэмпіянату свету, дзесяць гадоў таму ён сенсацыйна выйграў тытул, а ў 2009-ым прайграў у вырашальным матчы Джону Хігінсу. Бінэм жа да вяршыні ішоў як ніхто доўга – у такім веку снукерную карону апошнія 30 гадоў ніхто не заваёўваў. Ніхто не назаве гэты грандыёзны поспех выпадковым. У фінальнай стадыі гэтага чэмпіянату Сцюарт Бінэм паслядоўна адолеў шатляндца Грэма Дота, Роні О’Сайлівана, Джада Трампа і Шона Мёрфі – элітарных більярдыстаў свету.

Беларускае Радыё Рацыя