Трансляцыі матчаў футбольнага чэмпіянату Беларусі з’явяцца ў інтэрнэце



У новым сезоне матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі ў 1-й і 2-й лігах можна будзе ўбачыць у інтэрнэце. Гэта стала магчымым пасля падпісання партнёрскага пагаднення паміж асацыяцыяй „Беларуская федэрацыя футбола” і кампаніяй InStat, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе АБФФ.

Новы партнёр футбольнай федэрацыі з’яўляецца адным з самых буйных і аўтарытэтных спартыўна-аналітычных сэрвісаў. У бягучым сезоне аматары футбола ва ўсім свеце змогуць таксама сачыць за многімі сустрэчамі чэмпіянату Беларусі сярод жаночых каманд.

На думку дырэктара дэпартамента маркетынгу і камунікацыі АБФФ Уладзіміра Беражкова, зроблены сур’ёзны прарыў. Падпісанае пагадненне дасць магчымасць атрымаць поўную відэабазу тэхнічных здымак матчаў усіх не ахопленых раней турніраў. Акрамя таго, умовы супрацоўніцтва гарантуюць АБФФ пэўны фінансавы даход.

Раней Савет клубаў вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі прыняў рашэнне аб стварэнні футбольнага тэлеканала з рабочай назвай „БК-Сетанта”. Мяркуецца, што канал будзе паказваць усе матчы элітнага дывізіёна ў HD-якасці. Як расказаў Уладзімір Беражкоў, цяпер вядуцца інтэнсіўныя перагаворы з кіраўніцтвам тэлеканала „Беларусь 5”, каб сумесна арганізаваць трансляцыі футбольных гульняў нацыянальнага першынства.

belta.by