Ці годна выступілі беларускія алімпійцы за “народныя грошы”?



“Дзіцячым трэнерам трэба падвышаць заробкі ў разы, тады і вынікі будуць”, – лічыць палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец.

Кіраўнік краіны раскрытыкаваў выступленне беларускіх атлетаў на Алімпіядзе ў Рыа.

„Мы ўсе назіралі экзамен нашых спартсменаў на Алімпіядзе ў Рыа, – заявіў ён. – Такога пасрэднага, ненармальнага выступлення мы проста не чакалі… У спорт укладзены велізарныя сродкі. А дзе вынік? А выніку, каб задаволіць патрабаванні народа (на народныя ж грошы туды паехалі), няма”.

Павел Знавец: З кожным годам нашы спартсмены на Гульнях выступаюць усё горш і горш. З пункту гледжання і медальных перспектыў, і вынікаў…

РР: Атрымліваецца парадокс. Грошай выдаткоўваецца на спорт усё больш, а вынікаў усё менш. Як гэта патлумачыць?

Павел Знавец: Мы ўсе глядзім на спорт высокіх дасягненняў, але не бачым, што робіцца ў дзіцячым спорце. Лепшыя спецыялісты з’язджаюць. Вось зараз чытаў інтэрв’ю былога трэнера па гімнастыцы Уладзіміра Ваткіна, які ўжо даўно з’ехаў з Беларусі ў Аўстралію, дзе і працуе. І ён правільна кажа, што не зможа ў Беларусі мець прыстойны заробак. Шасціразовы алімпійскі чэмпіён па спартыўнай гімнастыцы Віталь Шчэрба адправіўся працаваць у Амерыку, Іван Іванкоў – там жа. Наш славуты вясляр Уладзімір Парфяновіч не спатрэбіўся дома і вымушаны быў накіравацца за мяжу. Замежнікам перадае свой досвед і вопыт. Вось і вынік.

РР: Многія скардзяцца, што ў Беларусі не хапае добрых маладых спецыялістаў…

Павел Знавец: А адкуль яны будуць, калі тут заробкі – капейкі? Калі ў некага ёсць патэнцыял, то ён знойдзе сябе на больш аплочваемай працы. Хтосьці сыходзіць у іншую сферу, нехта шукае працу за мяжой. Ты можаш быць патрыётам, але ж і сям’ю карміць трэба. Таму на спорт можа і выдаткоўваюцца вялікія грошы, але дзіцячым трэнерам з гэтага перападае зусім мала. А варта наадварот падняць ім заробкі ў разы. І, да прыкладу, калі ты выхаваў спартсмена, які стаў чэмпіёнам свету ці прызёрам Алімпіяды, то гэты трэнер павінен атрымліваць нейкую персанальную пажыцёвую пенсію. Гэта быў бы добры стымул. А няма стымула – няма выніку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя