Ці выступяць аматары азартных гульняў з байкотам?



Букмекеры аналізуюць новыя правілы, якія з гэтага года дзяржава ўвяла для ігракоў.

Нагадаем, з пачатку гэтага года кліенты букмекерскіх кантор абавязаны будуць дзяліцца выйгрышам з дзяржавай. Калі раней ігракі не плацілі падаходны падатак, то з 1 студзеня выйгрышы і сумы незгуляных ставак, якія вярнуліся, абкладаюцца падаткам па стаўцы ў 4%.

“Беларуская эканамічная мадэль дайшла да таго, што ўжо не ведае, адкуль грошы браць, – пішуць на форумах абураныя ігракі. – Дабраліся і да аматараў азартных гульняў. І асабіста я буду байкатаваць такія новаўвядзенні насуперак свайму жаданню згуляць на стаўках”.

“Тое, што абураных кліентаў хапае, гэта бясспрэчны факт, – распавядае на ўмовах ананімнасці супрацоўнік адной са сталічных букмекерскіх кантор. – Але не думаю, што новаўвядзенне спыніць ігракоў. 4 адсоткі – не тая сума, з-за якой хтосьці распачне байкот. Тым больш людзі, якія гуляюць гадамі, ужо прызвычаіліся да ставак і кінуць гэтую справу ім не так проста”.

Па словах суразмоўцы, за першыя дзесяць дзён немагчыма сказаць, як новыя правілы адбіліся на рабоце букмекерскіх кантор, а першыя вынікі можна будзе падвесці прыкладна праз тры месяцы.

“Магчыма, некаторыя кліенты будуць рабіць стаўкі не ў касах, а ў інтэрнэце, але ж сутнасць не змяняецца, – дадае букмекер. – Пакуль чалавек гуляе, з яго нічога не здымаецца. Як толькі ён нешта выйграў і захацеў зняць грошы з рахунка, з яго дзяржава забярэ 4 адсоткі. Не выключана, што асобныя ігракі будуць пераходзіць на замежныя пляцоўкі, але там таксама хапае нюансаў. Але, паўтаруся, толькі час пакажа, як правілы адаб’юцца на нашых кліентах, а, суадносна, і на нашым прыбытку”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  rub90.ru