Цырк на лядовай арэне



Палітык і спартовы заўзятар Павел Знавец ацаніў “маштабы” хакейнага Каляднага турніра, які чарговы раз “трыумфальна” выйграла каманда Лукашэнкі.

000028_18686_big

Павел Знавец: Некаторыя задаюцца пытаннем: “Ці патрэбна праводзіць такія мерапрыемствы, калі ў краіне крызіс?” Я б сказаў, што іх і без крызісу не варта было б праводзіць. Мы ж проста не ўяўляем, колькі грошай патрацілі на гэты цырк на працягу 13 гадоў. Ніякай празрыстасці, ніхто не называе бюджэт турніра. Нават калі спонсары за ўсё плацяць, дык што, таму ж “Беларуськалію” не патрэбны грошы? Работнікам прадпрыемства яны не патрэбны? Таму ўсё гэта нагадвае нейкую пацеху для саміх чыноўнікаў. І яны ж не проста самі з сабой цешацца, а збіраюць яшчэ каманды з усяго свету. За гэта ж таксама трэба плаціць. Тут выдаткі вялізныя, але ж ніхто пра гэта не кажа ў тых жа дзяржаўных СМІ. Усе пляскаюць у далоні з нагоды чарговай закінутай Лукашэнкам шайбы. Але ў прэзідэнта сёння іншых праблем у краіне няма? Мне гэта ўсё нагадвае адмысловае шоу для рэжыму, бо ніякага спартыўнага складніка там няма.

РР: Як жа няма спартыўнага складніка, калі за беларускую каманду выступалі аж 12 прафесійных гульцоў?

Павел Знавец: Гэта не гульня, а дыскрэдытацыя і ганьбішча хакея. Нават калі арганізавалі ветэранскі турнір, навошта вы туды набіраеце паўкаманды маладых гульцоў, якія выступаюць у чэмпіянаце Беларусі? Знайшлі ветэранаў-аматараў! Гэта неабходна дзеля перамогі любым коштам? Каму і што вы хочаце даказаць? Дык тады лепш не краінай кіраваць, а ў экстралігу пераходзіць. Увогуле, ад усяго гэтага турніра застаецца вельмі непрыемнае адчуванне. Асабліва, калі бачыш, колькі эфірнага часу выдаткоўваецца дзеля асвятлення гэтага цырка на тэлебачанні. Вы б лепш столькі часу абмяркоўвалі б, як людзі будуць выжываць у 2017 годзе пры сёняшніх заробках і новых тарыфах на “камуналку”. Дык не, ім весела і без гэтых праблем. Гэты турнір павінны назваць цыркам на лядовай арэне.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belta.by