У Беластоку пройдзе турнір Plaża Open



Фінальныя матчы самых лепшых камандаў Польшчы па пляжным валейболе, матч зорак “Ягелоніі” (Беласток) і розныя конкурсы – гэта ўсё чакае беластачанаў у межах турніра Plaża Open. На прыканцы ліпеня валейбалісты з Польшчы і з-за мяжы прыедуць у Беласток, каб паспаборнічаць за кубак турніра на возеры ў мікрараёне Дайліды. Ужо можна падаваць заяўкі на ўдзел у валейбольных спаборніцтвах. Як кажа дырэктар цыкла турніраў  Plaża Open Марцін Стжандала, турнір у Беластоку мае міжнародны характар:

– Не выключаем удзелу замежных пар у Беластоку. Спадзяёмся ў фінале ўбачыць самых лепшых. Гэта выдатны час, каб паказаць пляжны валейбол на вышэйшым узроўні.

Першыя адборачныя змаганні да беластоцкага фінала пачнуцца ўжо заўтра ў Гданьску. Чарговыя турніры адбудуцца цягам наступных ліпеньскіх выходных, сярод іншага – у Рыбніку ды Лодзі. Фінальны турнір у Беластоку пройдзе з 29-га па 31-га ліпеня.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота plazaopen.pl