У Гародні завяршыліся два этапы шматдзённай велагонкі «Нёман»



У Гародні завяршыліся два этапы шматдзённай роварнай гонкі «Нёман» сярод моладзі да 18-ці гадоў. Маршрут гонкі: Гародня — Саколка — Беласток. Першыя два з пяці этапаў прайшлі па беларускай зямлі, наступныя тры — пойдуць у кірунку Беластока. Ужо вызначыліся першыя пераможцы ў Гародні. Пра тых, хто атрымаў ўзнагароды, кажа прадстаўнік судзейскае калегіі спаборніцтваў Іван Найдзёнаў:

— Прызёраў за ўчорашні першы этап і за этап, які прайшоў сёння раніцай: індывідуальная гонка на час. У індывідуальнай гонцы першае месца заняў Філіп Мацеюк з Польшчы, з горада Пулавы, другое месца заняў Іван Шакавец з Менска, і трэцяе месца — Сяргей Шаўчэнка таксама з Менска. Мы едзем з Саколкі ў Беласток і апошні этап ў нядзелю ў нас пройдзе гонка  ў Беластоку. 

Гэта ўжо 29-я міжнародная роварная гонка. Старт на Саколку прайшоў ад плошчы Тызенгаўза пад дажджом. На старце прысутнічалі памежныя службы Беларусі і Польшчы, якія арганізуюць бесперашкодны пераезд раварыстаў на Польскую тэрыторыю.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара