У Глыбокім зрабілі сцежку здароўя



Сусветны дзень турызму адзначаецца 27 верасня. Да гэтага свята ў Глыбокім зрабілі сцежку здароўя працягласцю амаль чатыраста метраў, своеасаблівы спартовы міні-гарадок. Арганізацыі і прадпрыемствы горада пачалі яе будаўніцтва каля дэндралагічнага парка яшчэ ў траўні, засталося зрабіць толькі асвятленне.

glybokae_sport_1

Сцежка здароўя складаецца з васьмі станцый, дзе жыхары і госці горада змогуць з карысцю для здароўя бавіць вольны час. На сцежцы здароўя ўжо адбылося першае спартовае свята, прымеркаванае да Сусветнага дня турызму. Сваімі меркаваннямі ад убачанага дзеляцца наведвальнікі:

Для чаго патрэбна сцежка здароўя? Для сілы. Для мужнасці. Для бясстрашша. Бегчы, скакаць, караскацца – усё гэта фізічная нагрузка на ўсе групы цягліц.

– Трэба трымаць сябе ў форме. Але лянота пакуль перамагае. Будзем, мабыць, сям’ёй прыязджаць. Маленькі сын у нас – 2 гады яму. Таму няхай з малых гадоў расце поплеч са спортам.

 – Слабаваценька тут зроблена, але я думаю, што з часам даробяць, калі ўжо пачалі. Будзе і нашае пакаленне тут і бегаць, і скакаць. І рыбалка. І лес. І грыбы.

 – Аматары, канешне, будуць прыходзіць. На пачатку, магчыма і па загаду. А вось калі спадабаецца, а думаю, што спадабаецца абавязкова… Тыя, хто рабіў гэтую сцяжыну, пастараліся на славу.

Па словах дырэктара Глыбоцкага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Казіміра Чыжэўскага, у Глыбокім шмат робіцца для развіцця спорту і турызму, найбольш папулярныя віды спорта сярод жыхароў горада – футбол і валейбол, таксама добра развіты веласіпедны спорт, а вось лёгкая атлетыка меньш папулярная ў гараджанаў.

Беларускае Радыё Рацыя