Уэльс накаўтаваў Бельгію і выйшаў у паўфінал



Зборная Уэльса пасароміла скептыкаў і выбіла з Еўра больш рэйтынгавую дружыну Бельгіі.

Першыя дваццаць хвілін сустрэчы прайшлі з відавочнай перавагай бельгійцаў, якіх не без падставаў лічылі фаварытамі гэтага спабору. Яе вянчаў магутны голавы стрэл татуяванага ажно да застрашэння супернікаў Раджы Найнгголана. Да ўсяго валійцы нахапалі жоўтых картак і здавалася вось-вось рухнуць пад напорам тэхнічных апанентаў. Аднак каманда Крыса Коўлмэна і не думала складаць зброю. А на 31-й хвіліне брытанцам удалося параўняць лік. „Цмокі” удала скарысталіся напрацаванай на трэніроўкай камбінацыяй. Гэта Арон Рамсэй удала падаў кутні, абаронцы Бельгіі рассыпаліся па тых ад каго чакалі завяршэння, а капітан валійцаў Эшлі Уільямс галавой закалаціў мяч у сетку.

Бельгійская дружына перад чэмпіянатам і ўжо цягам яго страціла з-за траўмаў шэраг гульцоў задняй лініі. Дзе тонка – там і трэснула. На 55-й хвіліне нападнік брытанцаў Робсан-Кану, які раней не вылучаўся асаблівай вынаходлівасцю і філіграннай тэхнікай, пакінуў у дурнях ажно трох абаронцаў і не пакінуў ніякага шанцу брамніку Цібо Куртуа. Гэта быў другі го форварда на Еўра. Далей валійцы адыйшлі да сваёй брамы і ўтрымлівалі перавагу. А на 86-й хвіліне адправілі Бельгію ў накаўт – пасля флангавага прарыву і навесу Гантэра малаведамы Воўкс падрэзаў галавой мяч у сетку. Зборная Бельгіі едзе дахаты, а Уэльс у паўфінале сустрэнецца з Партугаліяй.

Уэльс-Бельгія3:1 (Уільямс, 31, Робсан-Кану, 55, Воўкс, 86; Найнгголан, 13).

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя