Украіна пакідае Еўра



Чацвер не парадаваў на Еўра ні высокай выніковасцю, ні глыбокім зместам гульняў.

Англія ў паядынку з Уэльсам апынулася за крок да катастрофы, але змагла выкараскацца. Сама старэйшы і найбольш аплочваемы трэнер першынства Рой Ходжсан на пачатку выявіў упартасць, цалком захаваўшы стартавую абойму з першага паядынку. Яго валійскі візаві наадварот пагрэбаваў звыклай формулай “выйгрышны склад не мяняюць”. Першы тайм быў прэсным як Тэмза і туманны як сам Альбіён, пераважалі інертнасць і схематызм. Такая хада сустрэчы была парушана нечаканым голам Гарэта Бэйла, які здолеў прабіць няўдалага Харта з далёкага штрафнога. Раней ў гісторыі Еўра ў двух матчах запар са штрафных удавалася вызначыцца толькі вялікаму Мішэлю Плаціні. Пасля антракту Ходжсан быў змушаны пайсці ва-банк – на полі замест індэферэнтнага Кейна і менш актыўнага чым звычайна Стэрлінга выйшлі Джэймі Вардзі і Дэніэл Старыдж, якім было і наканавана стаць галоўнымі героямі. Шчасліўчык Вардзі падпільнаваў адскок у брамніцкай і ледзь не першым крананнем мяча прывёў заўзятараў “трох львоў” у экстаз. У навальнай жа канцоўцы ліверпулец Старыдж праслізнуў як вужака да брамы і вынікова ўджаліў. Уэльс упершыню забіў Англіі з 1984-году, але ніяк не можа выйграць у яе ужо 22 гады.

Англія-Уэльс-2:1 (Джэймі Вардзі, 56 Дэніэл Старыдж, 90; Гарэт Бэйл, 42).

Становішча ў групе “В”: Англія – 4 ачкі, Уэльс і Славаччына – па 3, Расея – 1.

Украіне фатальна не шанцавала ў першым паядынку з немцамі, але яна талы заваявала сімпатыі многіх. У паразе ж ад паўночных ірляндцаў нашы паўднёвыя суседзі могуць вінаваціць толькі сябе. Міхаіл Фаменка прыслухаўся да крытыкаў і памяняў свайго адзінага форварда Зазулю на Яўгена Селязнёва. Аднак каэфіцыент карыснага дзеяння ад гэтага ніяк не ўзрос. У змаганні з прадказальнымі ольстэрцамі ўкраінцы не вырасцілі ні каліва крэатыву. Часам здавалася, што ў жоўта-блакітнай форме пераапранутая зборная Беларусі. Не дапамог і шчаслівы для Ўкраіны раней арбітр – чэх Павал Кралавец не заўважыў гульню рукой і не прызначыў пенальці ў браму бела-зялёных. А на пачатку другога тайма паўночнікі здзейснілі тыпова брытанскі гол – навес пасля стандарта – і абаронец Гарэт Маколі, выйграўшы пазіцыйную барацьбу ў Яўгена Хачэрыдзі, галавой закалаціў мяч у сетку. Дзіўна, але пры праліўным дажджы ў Ліёне і нават градзе, украінцы сталі біць па браме толькі ў самай канцоўцы. Аднак да гэтага часу запалы ў парахаўніцах канчаткова адсырэлі. Паўночныя дабілі суперніка кінжальнай контратакай, упершыню ў гісторыі выйгралі ва ўкраінцаў і дамагліся першай перамогі на Еўра.

Україна-Паўночная Ірляндыя-0:2 (Гарэт Маколі, 49, Наэл Макгін, 95).

Тое, што Нямеччына і Польшча ведаюць адзін аднаго як аблупленых і прадвызначыла першую нулявую нічыю першынства. Адам Навалка распрацаваў выдатны тактычны план – бялэ-чэрвоны спуталі чэмпіёнаў свету па руках і нагах і не давалі апанентам вырвацца на аператыўны прастор. Хіба толькі Месут Езіл зрэдку абвастраў дзіду бундэстым. Самы ж палякі стварылі некалі выдатных момантаў, але трава Францыі для Аркадзіуша Міліка, найбольш прыкметнага ў стане сваёй дружыны, неяк занадта слізкая. Лідары ж абедзвюх зборных – аднаклубнікі-баварцы Томас Мюлер і Робэрт Левандоўскі былі абсалютна нейтралізаваны. Сухая нічыя прынесла ўжо поўнае расчараванне ўкраінцам, якія пры такім раскладзе заўчасна выбылі з ліку спаборнікаў на выхад у наступны раўнд.

Германія-Польшча-0:0.

Турнірная табліца групы “С”: Германія – 4 ачкі, Польшча – 4, Паўночная Ірляндыя – 3, Україна – 0.

У пятніцу першымі на поле ў Тулузе выйдуць футбалісты Італіі і Швецыі з групы “Е”. На старце “скуадра адзура” прыемна ўразіла сваёй высокай функцыянальнасцю і традыцыйным апенінскім духам. Шведы ж глядзеліся, як і ў адборавым турніры надзвычай блякла.

Дыспазіцыя групы “Е”: Італія – 3 ачкі, Ірляндыя і Швецыя – па 1, Бельгія – 0.

Пазней у Сент-Эцьене будзем назіраць славянскі спабор групы “D” – Чэхія пастараецца набраць першыя ачкі ў сустрэчы з Харватыяй. Тут фаварыты Модрыч і кампанія, якія набралі вістаў пасля першага матчу.

Познім вечарам у Ніццы дзейсныя чэмпіёны кантыненту іспанцы будуць імкнуцца адолець Турцыю і датэрмінова выйсці ў плэй-оф. Цікава будзе сачыць за супрацьдзеяннем барселонскіх аднаклубнікаў Андрэса Ін’есты і Арды Турана.

Становішча ў групе „D”: Іспанія і Харватыя – па 3 ачкі, Турцыя і Чэхія – 0.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя