Вадзім Жук: Суддзі на Еўра-2016 працуюць на ўзроўні



Вядомы беларускі футбольны арбітр Вадзім Жук робіць прагнозы на паўфіналы Еўра-2016.

Нагадаем, што ў паўфіналах чэмпіяната Еўропы па футболе, які працягваецца ў Францыі, згуляюць 6 ліпеня зборныя Партугаліі і Уэльса, 7 ліпеня – Францыі і Германіі.

Вадзім Жук: Асабіста для мяне маленькай сенсацыя стала выступленне ісландцаў, якія выйшлі ў чвэрцьфінала турніра. І патрапілі туды не выпадкова, а заслужана. І, натуральна, здзіўляе зборная Уэльса, якая на такіх прэстыжных спаборніцтвах ніколі зорак з неба не хапала.  Для іх паўфінал – ужо вялізны поспех, таму гуляць могуць без напругі. А гэта – дадатковы плюс. Уэльс – больш сілавая каманда, якая цудоўна гуляе на “другім паверсе”. Партугалія – больш тэхнічная. Ды і, напэўна, не сказаў сваё апошняе слова Раналду. Складана некаму аддаць перавагу.

РР: Некаторыя кажуць, што з-за пашырэння фінальнай часткі турніра да 24 каманд, першынство аказалася крыху зацягнутым. Вы з гэтым згодны?

Вадзім Жук: Пры ўсёй павазе да тых зборных, каму пашэнціла патрапіць на Еўра-2016 з-за пашырэння фармату, як мне падаецца, аптымальны варыянт такіх турніраў – 16 каманд. Каб мы бачылі ў фінале самых моцных, а то і на самай справе чэмпіянат крыху зацягнуўся. І для гульцоў меншым становіцца адпачынак у міжсезонні.

РР: А яшчэ, напэўна, несправядліва, што Германія і Францыя згуляюць у паўфінале…

Вадзім Жук: Нічога не паробіш, такое было лёсаванне. Але паўфінал Партугалія-Уэльс і на самай справе выклікае меншую цікавасць, чым гульня французаў з немцамі. Гэта быў бы цудоўны фінал! На жаль, адну з каманд у фінале мы ўжо не ўбачым. Дарэчы, я лічу, што пераможца матча Германія – Францыя і стане чэмпіёнам Еўропы.

РР: Вялікіх памылак арбітраў на гэтым першынстве няма?

Вадзім Жук: Былі нейкія спрэчныя моманты, але зараз няма такіх глабальных памылак, якія б уплывалі на вынікі матчаў. Пакуль праца суддзяў ідзе на дастаткова высокім прафесійным узроўні.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Рацыя