Валерый Мельнікаў: Да “Барсы” мы яшчэ не дараслі…



Чэмпіён СССР 1982 году ў складзе футбольнага менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў падводзіць вынікі мінулага году.

Валерый Мельнікаў: Крытыкаваць можна і патрэбна, але напярэдадні Новага году хачу сказаць больш пра станоўчае. Дык вось мне вельмі імпануе, што два беларускія клубы – барысаўскі БАТЭ і менскае “Дынама” – ізноў выступалі ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Безумоўна, там згулялі не так, як марылі заўзятары. Але тут, як мне падаецца, галоўнае слова – марылі. І давайце скажам шчыра: “Чаму ўвесь час мы збіраемся скокнуць вышэй за галаву?» Давайце рэальна ацэньваць сваё месца. БАТЭ наогул у двух матчах з італьянскай “Ромай” узяў чатыры ачкі (перамога і нічыя). Вы скажаце, што гэта дрэнна – выйграць і згуляць унічыю з грандам першынства Італіі? Альбо першынство Італіі слабейшае за чэмпіянат Беларусі? Безумоўна, можна казаць, што італьянцы гулялі без некалькіх асноўных футбалістаў. Дык давайце папляскаем у далоні, што барысаўчане скарысталіся гэтым, а не будзем ліць бруд на галовы футбалістаў за тое, што тыя не выйгралі ў “Барселоны”. Няўжо камусьці не зразумела, што да “Барсы” мы яшчэ не дараслі?

РР: Як вам увогуле першынство краіны?

Валерый Мельнікаў: Былі матчы, ад якіх дух захапляла, некаторыя гульні, што называецца, – ні рыба, ні мяса. Усім зразумела, што агульная эканамічная сітуацыя ў краіне адбілася і на футбольных клубах, некаторыя з якіх вымушаны былі проста дайграваць першынство. Фактар грошай у футболе – не на апошнім месцы. Але ўвогуле, усё было прадказальна. БАТЭ яшчэ раз паказаў стабільнасць сваёй сістэмы, якую пабудаваў клуб, а “Дынама” па-ранейшаму ў пошуках.

РР: Адным словам, сезон быў, што называецца, “фіфці-фіфці”…

Валерый Мельнікаў: Я б таксама так сказаў. Паўтаруся, было што і паглядзець, і іншым паказаць, аднак павялічваецца прорва паміж багатымі і беднымі клубамі.

РР: Зборная вас парадавала?

Валерый Мельнікаў: Гэтай зборнай я хачу проста пажадаць поспеху. Крытыкаў хапае і без мяне, а вось добрых слоў футбалісты чуюць няшмат. Дык вось, няхай фартуна крышачку павернецца да нас. Яна нам не пашкодзіць…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара