Валерый Мельнікаў: “На дурня” тут не праедзеш…



Чэмпіён СССР 1982 году ў складзе футбольнага менскага “Дынама” Валерый Мельнікаў пракаментаваў правальны выступ расейскай зборнай на Еўра-2016.

Нагадаем, расейская каманда ў групавым турніры набрала ўсяго адно ачко ў матчы з англічанамі, а ў апошняй гульні з Уэльсам  і наогул з трэскам правалілася, прайграўшы матч з лікам 0:3.

Валерый Мельнікаў: Відовішча, безумоўна, было яшчэ тое. Зборная Расеі выглядала ў гульні з Уэльсам абсалютна бездаможнай. Абарона наогул – поўны нуль! Многія гульцы не паказалі аніякай гульні… Перад матчам рабілі прагнозы, што расейцы выйграюць гэты матч, нават букмекеры аддавалі ім невялікую перавагу. Але ўжо ў першым тайме лік мог быць нават не 0:2, а куды больш непрыемным для Расеі. Няхай скажуць дзякуй свайму брамніку. Зрэшты, тут трэба аддаць належнае і гульцам Уэльса, якія выглядаюць на гэтым першынстве вельмі прыстойна.

РР: Хто тут найперш вінаваты: расейскія футбалісты альбо галоўны трэнер?

Валерый Мельнікаў: Мы ж шмат чаго не ведаем, але тут, напэўна, усё ў цэлым супала. Недзе трэнер не змог настроіць каманду, недзе гульцы пераацанілі сябе. А на такіх топавых турнірах “на дурня” не праедзеш. Тут адных гучных заяў мала, трэба яшчэ і змагацца на полі ды паказваць на ім майстэрства. Апошняга ў расейскіх футбалістаў ніхто і не ўбачыў. Зрэшты, што тут казаць, зараз хопіць экспертаў, якія разбяруць матчы зборнай Расеі з усіх бакоў. Адно можна сказаць упэўнена – падчас чэмпіяната свету, які пройдзе ў 2018 годзе ў Расеі, у расейскай каманды будзе іншы трэнер і зусім іншы склад.

РР: Як вам увогуле гэтае першынства?

Валерый Мельнікаў: Я заўзею за італьянцаў, пакуль мне вельмі падабаецца, як яны гуляюць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя