Валідольная вікторыя „Цмокаў”



У Адзінай Лізе ВТБ менскія „Цмокі” дамагліся другой перамогі запар. У драматычным змаганні падначаленыя Ігара Грышчука на чужой пляцоўцы адолелі расейскі „Енісей” з Краснаярску – 94:93.

У сярэдзіне лругой чвэрці „цмокі” былі наперадзе з розніцай „плюс 14″. Вылучаўся цэнтравы Гарэт Штуц, які набраў за гэты адрэзак 14 пунктаў. Аднак пасля камандавая гульня ў менчукоў раптоўна развалілася. У трэцяй чвэрці ў адрыў пайшоў ужо „Енісей”. І ўсё ж у заключнай дзесяціхвілінцы беларускі клуб здолеў здзейсніць паспяховую пагоню – 83:83 і сустрэча перайшла ў авертайм. Удала выконваў штрафныя Іван Мараш, браў ініцыятыву на сябе Аляксандр Кудраўцаў. Праўда, некалькі авантурных атак Джасціна Грэя ледзь не прывялі да непапраўнага. За пару секунд да канца „цмокі” саступалі ачко. І ўсё ж вырашальнае слова засталося за гасцямі – гэта Грэй рэабілітаваўся і кідком з вельмі складанай пазіцыі прынёс каштоўную перамогу беларускай камандзе.

Напомнім, што ў першым паядынку новага розыгрыша Лігі ВТБ „Цмокі” таксама на выездзе адолелі яшчэ адну расейскую каманду – казанскі УНІКС. Менскі клуб мае на старце 100% ачкоў – прыемная нечаканасць!

18 кастрычніка „Цмокі-Мінск” прымуць на сваёй пляцоўцы лідара турніра – пецярбургскі „Зеніт”.

Беларускае Радыё Рацыя