Вікторыя Азаранка – ёсць 4-ы раўнд Уімблдону!



У трэцім крузе адзіночнага разраду Ўімблдонскага тэніснага турніру беларуска Вікторыя Азаранка сустрэлася з прадстаўніцай Францыі сербскага паходжання Крысцінай Младэнавіч. Асноўныя дасягненні Младэнавіч дагэтуль былі ў парным разрадзе, а характарызуе яе надзвычай моцная падача.

Першы сет прайшоў у дастаткова напружаным змаганні і завяршыўся на карысць беларускі – 6:4. Для лакальнага поспеху Вікторыі было дастаткова аднаго брэйк-пойнта.

У другой партыі Азаранка павяла 2:0, але пасля Младэнавіч параўняла лік і нават выйшла наперад. На баку Крысціны была і істотная падтрымка трыбунаў, якія заўзелі супраць Азаранкі.  Крытычным мог стаць шосты гейм, дзе Вікторыя некалькі разоў вісела на валаску, але ўсё ж узяла ачко – 3:3. Пасля гэтага ініцыятыва перайшла да беларускі, якая аформіла свой выхад у наступны раўнд – 6:4.

У наступнай стадыі Азаранка сустрэнецца з швайцаркай Беліндай Бенчыч.

Беларускае Радыё Рацыя