Віталь Гуркоў паехаў на чэмпіянат свету па муай-тай у складзе зборнай



Беларускія тайбаксёры адправіліся 17 траўня на чэмпіянат свету ў шведскі горад Эндчэпінг. У складзе зборнай вылецеў і шматразовы чэмпіён свету Віталь Гуркоў, пацвердзіў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч.

Нагадаем, у сярэдзіне красавіка ў інтэрнэце разгарэўся інфармацыйны скандал з-за таго, што тытулаваны спартсмен пасля перамогі ў нацыянальным адборы можа не паехаць на чэмпіянат свету. Паведамлялася, што ў Федэрацыі муай-тай узніклі цяжкасці з фінансаваннем паездкі Гуркова, паколькі ён не лічыцца ў асноўным складзе зборнай. Разам з тым вядома, што Віталь Гуркоў таксама з’яўляецца адным з музыкантаў гурту Brutto Сяргея Міхалка і, паводле неафіцыйнай інфармацыі, менавіта гэта паслужыла падставай для яго адлічэння з асноўнага складу.

Тады грошы на паездку для Гуркова на краўдфандынгавай платформе talaka.by за адзін дзень сабрала беларуская грамадскасць, але спартсмен ад іх адмовіўся, абяцаўшы перадаць на дабрачыннасць.

У пачатку мая Гуркоў паведаміў журналістам, што грошы знайшліся ў Міністэрства спорту, за што ён выказаў ведамству падзяку.

Акрамя Віталя Гуркова (вагавая катэгорыя 75 кг) у складзе нацыянальнай каманды выступяць і іншыя знакамітыя байцы: Андрэй Кулебін (71 кг), Дзмітрый Варац (67 кг) і Дзмітрый Валент (81 кг).

Чэмпіянат свету па муай-тай адбудзецца з 19 па 28 мая. Беларусы выйдуць на рынг ужо ў чацвер.