Вядомыя 20 фіналістаў Еўра-2016



13 кастрычніка завяршыўся асноўны адборавы турнір да фінальнага турніру чэмпіянату кантынента, што пройдзе ў Францыі летам 2016 году. Галоўнай яго сенсацыяй стаў нявыхад на першынства тытулаванай дружыны Нідэрляндаў. Так правальна „аранжавыя” не выступалі яшчэ ніколі ў сваёй гісторыі. Галяндцы ў апошнім туры мусілі перамагаць дома чэхаў і чакаць паразы Турцыі ад Ісляндыі. У выніку „аранье” напаткаў сапраўдны жах, цягам сустрэчы было 0:3 і толькі неверагоднымі высілкамі ўдалося скараціць ганебную розніцу – выніковыя 2:3. Турцыя ж спакойна падпісвала мір з паўночнымі астравіцянамі, а ў самай канцоўцы вырвала і тры ачкі – 1:0.

Кіпр і Боснія зладзілі сапраўдную бітву за 3-е месца ў групе „В”. Пасля першага тайму на табло было 2:2. Паралельна на гэтую запаветную пазіцыю прэтэндаваў і Ізраіль. які гуляў на выездзе з Бельгіяй.  У выніку ж ізраільцяне прайгралі 1:3, а Боснія і Герцагавіна дамаглася вікторыі – 3:2. Менавіта балканцы занялі трэцяе месца і згуляюць у накаўт-раўндзе.

У групе „Н” невядома было, хто возьме другі білет на Еўра. Лепшыя шанцы былі ў Нарвегіі, якая ў гасцях нібыта сама кавала сваё шчасце – вікінгі былі наперадзе 1:0, але пасля „прывезлі” сабе гол. А потым прапусцілі яшчэ на 82-й хвіліне. Паралельна Харватыя на выездзе ледзь дала рады з Мальтай – 1:0. Каштоўнейшы мяч забіў Іван Перышыч.

Такім чынам 20 фіналістаў з 24-х ужо вядомыя: Францыя (як гаспадыня фінальнага турніру), Англія, Ісляндыя, Чэхія, Партугалія, Аўстрыя, Швайцарыя, Паўночная Ірляндыя, Іспанія, Славакія, Італія, Бельгія, Уэльс, Германія, Польшча, Албанія, Румынія, Расея, Харватыя, Турцыя (апошняя як лепшая каманда з тых, што занялі 3-е месца ў групе).

Яшчэ 8 зборных пасля кідання лёсаў пазмагаюцца ў парах за 4 апошнія пуцёўкі. У гэтыя стыкі выйшлі Украіна, Швецыя, Ірляндыя, Данія, Славенія, Боснія і Герцагавіна, Нарвегія, Венгрыя – кампанія таксама вельмі прадстаўнічая.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя