Вядомыя ўжо 12 фіналістаў футбольнага Еўра-2016



У суботу вызначылася яшчэ некалькі футбольных зборных, якія заваявалі права выступіць у фінальнай стадыі чэмпіянату кантыненту 2016 году, што пройдзе бліжэйшым летам на палях Францыі.

Італія перамагла ў Баку Азэрбайджан – 3:1 і стала 10-й уладальніцай пропуску на галоўны футбольны форум Еўропы. Раней такое права забяспечылі Францыя (як гаспадыня фінальнага турніру), Англія, Ісляндыя, Чэхія, Партугалія, Аўстрыя, Швайцарыя, Паўночная Ірляндыя, Іспанія.

Позна ўвечары прайшоў шэраг важных сустрэч. Чэхі ня здолелі памагчы Нідэрляндам і прайгралі на сваім полі Турцыі – 0:2. Галяндцы самы адолелі ў гасьцях Казахстан – 2:1. Але хутчэй усяго „аранжавыя” саступяць трэцяе месца Турцыі і не трапяць нават у „стыкі”.

Боснія і Герцагавіна перамагла на сваім полі Уэльс – 2:0 і выйшла на трэцяе месца ў групе, паколькі Ізрайль у гэтай кампаніі нечакана саступіў Кіпру – 1:2. Так склалася, што нягледзячы на паразу, Уэльс выйшаў у Францыю. Бельгія, якая на выездзе разграміла Андору – 4:1, выйшла на першае месца і таксама ўжо мае шчаслівы білет. Інтрыга трэцяга месца ў гэтай групе застаецца да апошняга туру.

Бліжэйшымі днямі вызначацца ўсе фіналісты. Напомнім, што ў галоўную стадыю адразу выходзяць па 2 лепшыя зборныя кожнай з 9 групаў, а таксама адна лепшая з тых, хто заняў трэцяе места. Рэшту – яшчэ чатыры пуцёўкі – разыграюць у плэй-оф 8 дружын, якія зоймуць трэція месцы. Усяго ў фінальнай стадыі ўпершыню ў гісторыі выступяць ажно 24 краіны.

Беларускае Радыё Рацыя