Юбілейны падарунак “Ягелоніі”



Прыемны падарунак зрабілі сваіму трэнеру Міхалу Пробежу футбалісты “Ягелоніі” з Беластока. У трохсотым матчы Пробежа як трэнера беластоцкай дружыны “Яга” перамагла “Слёнск” з Вроцлава з лікам 4:1.

Госці першымі цешыліся з гола: на 14 хвіліне дзякуючы ўдару Робетра Піха “Слёнск” выйшаў наперад. Потым галы для беластоцкай дружыны забілі Канстанцін Васільеў, Яцэк Гуральскі і два – Пшэмыслаў Франкоўскі. Трэнер “Ягелоніі” Міхал Пробеж хваліў сваіх падаплечных, што хутка падняліся пасля страты першага гола.

 

У матчы са “Слёнскам” у камандзе “Ягелоніі” дэбютаваў ірландзец Кільян Шэрыдан (Cillian Sheridan), які меў некалькі ўдараў па браме і пару эфектных падачаў.

“Ягелонія” займае другое месца ў чэмпіянаце Польшчы з 45 ачкамі. Лідарам застаецца “Лехія” Гданьск, якая мае на адно ачко больш. Чарговы матч “Яга” згуляе праз тыдзень у Беластоку з “Каронай” (Кельцы).

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара