Юрась Губарэвіч: Рускія мераюць перамогу беларусаў над амерыканцамі сваімі калькамі



Грамадскі дзеяч Лявон Баршчэўскі і палітык Юрась Губарэвіч далі сваю ацэнку ўчарашняй гістарычнай перамозе зборнай Беларусі над камандай ЗША на чэмпіянаце свету па хакеі ў Чэхіі.

“Па вялікім рахунку, я быў упэўнены, што наша зборная можа перамагчы, бо ў амерыканцаў зараз не самы моцны склад, – кажа Лявон Баршчэўскі. – Але з іншага бок, любая перамога на такім прэстыжным турніры, дзе прысутнічае шмат прэсы, дзе ідуць тэлетрансляцыі, дадае вядомасці Беларусі, як краіне. Успомніце знакамітую перамогу беларусаў над шведамі на Алімпіядзе 2002 году. Тады ж хакеісты ў адзін момант зрабілі для папулярызацыі Беларусі больш, чым усе палітыкі разам узятыя. Многія ў свеце пачынаюць даведвацца, што такая краіна існуе. І ў гэтым плане я б толькі павіншаваў нашых хлопцаў. Абсалютна заслужаная перамога!”

Юрась Губарэвіч: Расейцы адразу сталі праводзіць аналогію, што, маўляў, беларусы адпомсцілі амерыканцам за Расею, якая прайграла камандзе ЗША. Я б так пытанне не разглядаў, бо спорт – гэта спорт. Беларусы паказалі добры вынік і застаецца жадаць толькі поспеху надалей. Сёняшняе першае месца беларускай каманды ў групе – добрая заяўка на выхад у плэй-оф турніра. Там усё будзе значна складаней, але, мяркуючы па гульні, беларусы здольныя нават паказаць лепшы вынік, чым год таму ў Менску (7-е месца). Дарэчы, лічу, што падчас мінулагодняга дамашняга першынства на хакеістаў быў пэўны ідэалагічны ціск. Складаней было гуляць.

РР: Учора асобныя расейскія спартыўныя СМІ так пісалі пра матч Беларусь – ЗША: “Чэшскіх дзяцей прывозілі на арэну з усёй Астравы і прымушалі скандзіраваць «USA! USA!» Каля арэны нават рэпеціравалі, як правільна патрэбна”. Верыце, што ў Чэхіі дзяцей прымусова заганяюць на хакей, каб некага падтрымаць?

Юрась Губарэвіч: Я думаю, што рускія ўсё мераюць сваімі калькамі. У вольным свеце, у дэмакратычных краінах у прынцыпе немагчыма, каб некага прымушалі ездзіць на спаборніцтвы ды стваралі агітбрыгады. Людзі самі выбіраюць, за каго заўзець. А мне радасна, што ў Чэхіі вялікая колькасць беларусаў, якія маюць магчымасць прыходзіць на матчы падтрымаць каманду з нацыянальнай сімволікай. Можа гэта дадае беларускім хакеістам сілаў?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота naviny.by