Жаночая дружына Беларусі ў паўфінале Еўрабаскету!



У напружаным змаганні беларуская жаночая баскетбольная дружына адолела зборную Літвы і выйшла ў паўфінал.

У першай палове сустрэчы перавага беларусак дасягала 15 ачкоў, а перад перапынкам на табло высвечвалася 33:19 на карысць каманды Анатоля Буяльскага. Праўда, не заладзілася гульня ў лідаркі зборнай – цэнтравой Алены Леўчанкі – на падборы яна была не такой эфектыўнай як звычайна, а ў атацы мячы не заляталі ў кошык. Затое бліскуча глядзелася Настасся Верамеенка, якая і забівала і абаранялася проста выдатна. Смялей, нягледзячы на перыядычныя страты, брала на сябе ініцыятыву і Тацяна Ліхтаровіч, якая закідвала сваімі паўкрукамі. Упэўнена дзеіла і наша асноўная распасоўніца Лінсдэй Хардынг.

У трэцяй чвэрці беларускі спярша нарошчвалі адрыў, але пасля зафаліліся і няўдала выконвалі далёкія кідкі. Літоўкі ж выдалі адрэзак „плюс 13″ і скарацілі розніцу з 19 да 6 ачкоў. Балазе некалькі ўдалых атак здзейснілі Кацярына Сныціна і Марыя Папова. Пасля трэцяй чвэрці было 51:43 на карысць Беларусі, але ажно 10 запар (!) промахаў з-за дугі. Больш маладая літоўская дружына набрала за трэцюю чвэрць 24 ачкі.

Заключны перыяд нямала патрапаў нэрваў беларускім заўзятарам. У трывожнай канцоўцы два важнейшых штрафных закінула Верамеенка. У выніку вікторыя беларусак – 68:66! Зараз яны пазмагаюцца за ўзнагароды еўрачэмпіянату і за пуцёўку на алімпіяду ў Рыа-дэ-Жанэйра.

Найбольш выніковымі ў сустрэчы ў Беларусі сталі Верамеенка – 15 ачкоў, Ліхтаровіч – 14, Хардынг – 12, Сныціна – 11, Папова – 10. На рахунку Верамеенкі 9 падбораў, Хардынг – 8.

У іншым чвэрцьфінале дня зборная Сербіі дастаткова нечакана адолела больш грозную каманду Турцыі – 75:63. Сапраўднай гераіняй сустрэчы стала Ана Дабавіч, якая „настраляла” 31 ачко. Такім чынам за выхад у фінал у адной з пар будуць змагацца Беларусь і Сербія.

Беларускае Радыё Рацыя