Жодзіна: чарговы „лядовы піяр” і хакей у тумане



26 верасня, амаль праз паўтара месяца пасля здачы гэтай новай спартовай пабудовы ў Жодзіне, адбылося ейнае ўрачыстае адкрыццё, якое было прымеркавана ўладамі да Дня Гораду і чарговай гадавіны ўтварэння ПА „БелАЗ”, а таксама агітацыйнай кампаніі.
Урачыстыя масавыя мерапрыемствы ў горадзе такім чынам мэтава скарысталі мясцовыя ды менскія абласныя ўлады, у прыватнасці Сямён Шапіра, старшыня Менаблвыканкаму ды давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах, для таго, каб чарговы раз прадэманстраваць грамадзянам, што можна зрабіць за бюджэтныя грошы.
Але, у выніку, аказалася не зусім зразумелая ды прывабная карцінка. Кіраўніцтва – пад парасонамі, а масоўка і грамадзяне з дзецьмі – пад дажджом; першы хакейны матч аматарскіх хакейных клубаў „Жодзіна” і з Беразіно на крытым катку – у тумане і холадзе; пройгрыш  жодзінцаў з лікам 2:3; а таксама замест абяцанага ў публічных выказваннях цэлага дня бясплатнага доступу да лядовай пляцоўкі для грамадзянаў – толькі адна такая гадзіна (з 16-00 да 17-00).
Тэхнічныя праблемы „італьянскага праекту”, разлічанага на меншую вільготнасць знешняга паветру, пакуль не зразумела, як вырашаць. Тым больш надта мяккі лёд ды складанасці зробяць пляцоўку дастаткова спецыфічным эксперыментальным (такога нідзе ў Беларусі больш няма) крытым катком выключна для масавага катання. У сілу сваёй абмежаванай функцыянальнасці ды энергаёмістасці гэта можа зрабіць пабудову чарговым стратным аб’ектам гарадской інфраструктуры, бо дадаткова трэніраваць на ёй можна толькі малыя групы пачаткоўцаў, а стварыць прафесійны хакейны клюб ці праводзіць хакейныя матчы – вельмі праблематычна…
Дыхаць для паляпшэння здароўя „халодным паветрам” (як выказаўся старшыня жодзінскага выканкаму М.Амельянчук) жодзінцам тут таксама наўрад ці атрымаецца, бо празмерная вільготнасць і халодны стойкі туман, як у маразільнай камэры, верагодна, насамрэч мала спрыяюць умацаванню здароўя асабліва, калі за 45 хвілінаў „катання ў такім тумане” трэба будзе яшчэ заплаціць немалыя грошы (45 тыс. BYR – для дзяцей і 55 – для дарослых).
Алесь ЛЕТА. Фота Аляксея Лапіцкага.