„Зубры” дамагліся валявой вікторыі



Пасля няўдалых паядынкаў у Пецярбургу супраць СКА і ў Маскве супраць ЦСКА – фаварытаў турніру, менскае „Дынама” у чарговым паядынку Кантынентальнай Хакейнай Лігі гасцявала ў Чарапаўцы, дзе змагалася з мясцовай „Северсталлю”. Паядынак даўся „зубрам” вельмі няпроста. Цягам матчу яны двойчы саступалі -0:2 і 2:3, але здолелі перавесці гульню ў авертайм. А потым вырвалі два ачкі ў булітным спаборы.

У адрозненне ад многіх папярэдніх матчаў рэй у атацы на гэты раз вялі не легіянеры, а айчынныя майстры. На 30-й хвіліне вызначыўся Артур Гаўрус, скарыстаўшыся перадачай Аляксандра Кітарава (апошні толькі ўліўся ў стан бела-блакітных). На 32-й, калі дынамаўцы гулялі ў меншасці, шайбу закінуў Аляксандр Паўловіч. А на 51-й хвіліне, калі беларуская каманда зноў прайгравала, лік параўняў Аляксандр Кулакоў з пасу Сяргея Дразда. У серыі ж булітаў вырашальнае слова сказаў Аляксандр Мацярухін.

Пасля 18 матчаў дынамаўцы набралі 34 ачкі і знаходзяцца на 6-ым месцы Заходняй канферэнцыі КХЛ. Па страчаных ачках менчукі на 4-й пазіцыі. Беларускі клуб – пакуль адзіны з замежных для Расеі, які ўваходзіць у зону плэй-оф.

Беларускае Радыё Рацыя