Рош ха-Шана ва ўкраінскім мястэчку



Украінскае мястэчка Умань, што ў Чаркаскай вобласці, цяпер нагадвае яўрэйскі квартал Іерусаліма. У мястэчка прыбыло колькі тысяч прыхільнікаў хасідызму – аднаго з адгалінаванняў юдаізму. Хасіды маюць адсвяткаваць Рош ха-Шана – яўрэйскі Новы год.

У мястэчку Умань калісьці жыў знакаміты цадзік Нахман – праўнук і адзін з паслядоўнікаў рабі Бешты, заснавальніка хасідызма. У адрозненне ад прыхільнікаў традыцыйнага юдаізму, хасіды ўпэўненыя, што ў іх веры галоўнае рэлігійны экстаз, а не вучэнне Талмуда. Уманскі цадзік Нахман і навучаў яўрэяў, якія прыяжджалі да яго з усёй Украіны, а таксама з Беларусі і Польшчы, прынцыпам хасідызму. Перад смерцю ў 1810 годзе, акурат напярэдадні яўрэйскага Новага года, Нахман заклікаў сваіх паслядоўнікаў прыяжджаць на яго магілу.

Сёлета да Умані прыехала больш за 25 000 хасідаў з усяго свету. Кошты ў мястэчку ўжо сягнулі нью-ёркскіх. За чатыры дні адзін госць пакідае тут каля 900 даляраў.

Ва Украінскім міністэрстве ўнутраных спраў паведамілі, што парадак падчас святкавання Рош ха-Шана будуць ахоўваць каля 400 міліцыянтаў. Упершыню ў мястэчка прыбылі і ізраільскія праваахоўнікі.

Uman

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ridus.ru