27-я гадавіна катастрофы цягніка з хлорам у Беластоку



У Беластоку адзначылі гадавіну чыгуначнай катастрофы, якая адбылася 9 сакавіка 1989 года калі cышлі з рэек 5 вагонаў з вадкім хлорам.

55c1cd0bcc927_o

Трагічныя падзеі адбыліся а 2:25 уночы, калі непадалёк вуліцы Палескай з СССР у Польшчу ехаў цягнік, што вёз звадкаваны хлор. Па прычыне расколіны ў рэйцы састаў сышоў з рэек і перакуліліся цыстэрны з вадкім хлорам. Гэта стварала паважную небяспеку, бо калі б субстанцыя разлілася, загінулі б тысячы жыхароў Беластока.

Дзякуючы хуткай выратавальнай аперацыі адказных службаў, хлор з цыстэрнаў – не выцек. Штогод, у беластоцкіх касцёлах і цэрквах, людзі дзякуюць за цуд абароны горада: — Не разбіліся цыстэрны і не адбылася ўцечка, пажарнікі ўсё выратавалі.

— Вельмі хутка з’явіліся ўсе службы, пажарнікі усё забяспечылі і усё скончылася шчасліва. І ў гонар гэтага мы штогод молімся.

— Пра тое, што так здарылася я даведаўся ўжо тады, калі прыйшоў дадому, бо было паведамленне. Я застаўся дома, а жонка з дзецьмі пайшла да сваёй сястры, якая жыла ў шматпавярховіку. Я ісці не захацеў. Мы ведалі, што трэба ісці вышэй, бо хлор — цяжэйшы.

Малітву ў царкве святога Мікалая ў Беластоку адправіў праваслаўны архіепіскап беластоцка-гданскі Якаў. На месцы трагедыі па вуліцы Палескай прайшлі галоўныя ўрачыстасці з удзелам прэзідэнта Беластока Тадэвуша Трускаляскага. Ля помніка-крыжа супольна маліліся праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія святары.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток